Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
41 из 228
Ты быў бы памешчыкам, а не арандатарам. Я ўжо ўсё быў зрабiў дзеля гэтага, але смерць, якая стаiць каля мяне, ужо вырывае з мяне душу i тваю будучыню. Божа, злiтуйся! Але надзеi ўжо няма. Побач са смерцю стаяць каля мяне чужыя людзi. Бывайце навек. Вось месца, дзе я ўмiраю. Ведайце i яго, усё ў жыццi можа быць, можа, калi каго з вас лёс занясе сюды, дзе будуць мае косцi. Я ўмiраю ў палоне... Грудзi мне муляе тое, што я здабыў табе, Густаў, на вайне i што не суджана ўзяць табе ў рукi. Канец мой падышоў".
- Ну, чулi? Гэта яму золата муляла. Гэта за яго Густаў стаў бы памешчыкам. Я i сам дзiўлюся - няўжо за яго цэлы маёнтак льга купiць? А можа, у Нямеччыне цана на зямлю такая малая? Э, ого, ого! Дык жа ў адным пярсцёнку дарагое каменне! А Божа! А на гадзiннiку што выпiсана! Граф Палiводскi! Ну няўжо i граф на вайне бывае забiты або ранены? Як той казаў вайна не толькi лье кроў, але i кожную брудную душу выверне на паказ свету. А ты, Палiводскi, быў граф, а пасля нейкi Густаў панаваў бы за тое, чым ты зiхацеў. А я - дык лепш капусту буду садзiць i карову кармiць. Якая цяпер карысць таму Палiводскаму, што ён быў графам! Я большы за яго граф, бо калi я каго ад крываўкi вылечу, то мяне добрым словам успамiнаюць i пры спатканнi дзякуюць. Чуеш, ты там, за комiнам! Не лезь у графы, а будзь чалавекам!.. Нешта ж Трыбуховiч з парсюком не пад'язджае. А ўжо i дзень праходзiць. Ну як вы абое? Каму што балiць? Я казаў, што па паўднi распагодзiцца. Бач ты, ужо i сонца выблiснула. Дзе ж гэты Трыбуховiч дзеўся? Хiба яго чэрцi на мерку схапiлi? Ах, чортава пара!..
|< Пред. 39 40 41 42 43 След. >|