Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
45 из 228
"Дзякуй табе, Божа, абышлося i без патоў". З радасным пачуццём ён рушыў у свой даўно прыспелы занятак. Перш за ўсё ён напхаў у печ дроў i падпалiў. Праз дзесяць хвiлiн ужо была падоена карова, хвiлiна спатрэбiлася на тое, каб вывесцi з аглабель вымучанага каня i ўвагнаць у хлеў. Яшчэ праз хвiлiн дзесяць ён нясмела глядзеў у Волеччын твар i ўсё ўгаворваў яе падняцца i напiцца гарачага малака. Ён прыўзняў яе, падтрымаў за плечы i напаiў, i яна сказала:
- Трэба, каб у хаце было зусiм-зусiм цiха, дык я засну. - Тады ён адзеўся ў тую сваю, што яшчэ з дому, суконную жакетку i цiхом выйшаў. Тым часам i дзень блiзак быў да вечара. Надвор'е зусiм расчысцiлася, i свяцiла сонца. На душы ў яго стала лягчэй. Ён выцер саломаю каня, акiнуў вокам двор i цiха ўвайшоў у хату. Хоць i цiха, але Волечка прачнулася. Шпарка i яшчэ цiшэй ён выйшаў з хаты i зiрнуў у акно. Вiдна была Волечка на пасцелi. "Ну, цяпер яна спiць. Доўга не пайду ў хату, няхай спiць, не буду будзiць". Ужо захад згарэў чырвоным полымем i патух, i ўжо зоры загусцiлiся ў небе, ужо i шырокi серп месяца ўзышоў, а ён усё баяўся iсцi ў хату. Пахаваў у пуню пад салому ўсе тыя хваёвыя бервеньчукi, разоў некалькi падкладаў коням сена, перачакаў ужо i познi вечар, змерз, многа разоў зазiраў у акно i Волечкi не мог убачыць, а ў хату не iшоў. "Няхай спiць". Стаяў гадзiнамi, тросся з холаду, а не iшоў. I яму было добра берагчы яе сон. Нарэшце пайшоў.
|< Пред. 43 44 45 46 47 След. >|