Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
46 из 228
Так адчыняў дзверы, быццам гэта ён нёс на галаве паўнюткую шклянку вады, не вады, а дарагой вадкасцi, або яду, кропля якога прапалiць навылёт яму галаву. Якая ж была яго радасць, калi ён нарэшце апынуўся ў хаце i ўбачыў, што Волечка спiць. Але яна не спала, а бачыла, як ён увайшоў i стаў каля яе.
- Дзе ты быў дагэтуль? Ужо табе нiкуды больш не трэба iсцi? Нейк адной нядобра, сумна...
Адчуванне вялiкага шчасця апанавала iм. Ён будзе тут! Каля яе! Усю ноч ён не будзе спаць! А вартаваць будзе яе сон i спакой!
- Не, не пайду, толькi трэба дзе гэтае золата схаваць, няхай яно агнём пойдзе.
- Вазьмi ў шуфлядзе медны ключык, адамкнi ў клецi куфар i ўкiнь туды, хай яно прападзе, няхай бы лепш немец яго панёс з сабою, а то...
- Праўда, праўда.
Калi ён адамкнуў куфар i паклаў у прыскрынак золата, быццам з душы яго спала што цяжкае. У хаце ён пачуў ад Волечкi:
- Добра, што ўжо няма ў хаце, гэты фельчар, як пачытаў тыя пiсьмы... Божачка, што той немец перажыў, як ён мучыўся! Не iдзi ўжо нiкуды, а будзь тут i спi, ужо ноч...
- Добра, а за клопат вазьмуся можа нават i заўтра.
- А за якi клопат?
- Ну, каня табе змянiць, рэштку бервеньчукоў перавезцi з лесу, падабраўшы ноч, шулы паставiць, браму зрабiць, жыта ў млын, змалоць...
I пайшла тая ноч, месячная, добрая, цiхая, а к ранiцы зноў схмурнела неба i пачаў падаць мокры снег. Тады пад ранiцу яны, кожны па-свойму, саснiлi нейкага высокага чалавека ў чорнай адзежы i з заплюшчанымi вачыма. Ён не спаў, а быў нежывы - гэта ў яе, а ў яго - рагатаў i танцаваў, але вымагаў, каб яму аддалi боты i кашулю. Гэта быў граф Палiводскi.
|< Пред. 44 45 46 47 48 След. >|