Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
47 из 228
Кастусь прачнуўся i думаў, цi сапраўды гэтакi мог быць той невядомы Палiводскi, а Волечка прахапiлася з енкам i крыкам: "Ой, ой, Божачка!"
- Што, што? - абазваўся ён.
- Ой, ой, Палiводскi!.. А хто гэта тут у хаце?
- Гэта я, - крыкнуў Кастусь.
- Хто?
Яна яшчэ не адвыкла ад свае адзiноты i не прывыкла да яго. Ён падбег да яе i ўбачыў, што яна дрыжыць.
Колькi раз, жывучы ўжо адна, без бацькi, яна так прачыналася ранiцамi ад непрыемных цi страшных сноў! I прывыкала ў адзiноце сваiмi сiламi гнаць ад сябе цяжкае ўражанне ад кашмараў. Цяпер жа яна падумала, што недзе каля яе ёсць ён. Як лёгка i адразу згiнуў сон, i яна ўсмiхнулася, яшчэ з заплюшчанымi вачыма.
- О так, а то крычыш немаведама чаго. Гэта ж сон.
I па яе твары ён здагадаўся, што яна ачуньвае.
- Уночы я выходзiў глядзець коней, ужо на дзень iшло. Мокры снег гразi даў. А конь твой ужо анi нiчога не з'еў - нават i не зачапiў сена. Ты нiчога не думай. Мой конь зусiм малады. Ведай, што гэта твой. Ты толькi папраўляйся.
- Я ж папраўляюся. Хiба ты не бачыш?
- А на дварэ ўжо i апошняе лiсце з iгрушы асыпалася за ўчарашнi дзень. Чорнае, як сажа, ляжыць мокрае.
Праз два днi ён пачаў кармiць худога каня паранкаю, не адыходзiў ад яго, рабiў яму нейкае адмысловае пойла, а праз два тыднi сказаў Вольцы, што конь крыху абгладзiўся i ўжо льга яго збываць. Аднойчы ўдосвецця ён накрыў каня мяшком i сеў зверху. Конна выехаў ён з двара. Торба з акрайцам хлеба была ў яго руках.
|< Пред. 45 46 47 48 49 След. >|