Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 48 из 228

На конным рынку ў дробным гарадку, вёрст за сорак ад Сумлiч, ён, як спрактыкаваны конскi перакупшчык, расхвальваў старога i худога каня, бажыўся i падпускаў часам заядлую лаянку. "Без гэтага каня не прадасi", - думаў ён i запрашаў усiх паглядзець каню ў зубы. "Галоўнае смела казаць, каб глядзелi ў зубы, дык нiхто i не гляне, i павераць, што конь малады". Стары i высокi цыган, якi тут жа побач прадаваў яшчэ мусiць старэйшага каня, сказаў:

- Ты, чалавеча, прасi, каб глядзелi твайму каню не ў зубы, а ў хвост, тады хутчэй усiх ашукаеш.

Навокал зарагаталi, i Кастусь, праклiнаючы гаты дзень, адвёў свайго каня ўбок, але i адтуль два перакупшчыкi прагналi яго. Скончылася так, што ён вярнуўся на ранейшае месца. За гэты кароткi час цыган паспеў прадаць ужо таго каня, купiць другога i ўжо гэтага расхвалiць. Кастусь прадаў свайго каня перад самым вечарам, вельмi затанна, але ён быў рад, што развязаў рукi. "Волечка не будзе ў крыўдзе, я ж ёй аддаю свайго каня". Якое было яму шчасце цэлую асеннюю ноч iсцi дадому. Ён адчуваў сябе так, быццам вырваўся на волю. Яшчэ на выходзе з горада ён убачыў вясковую бабу, якая трымала пад пахаю пеўня.

- А цi добра спявае? - некалькi разоў пытаўся ён у бабы.

- Галубчык мой, - адказвала кожны раз баба, - гэта не певень, а музыка. Пад яго песню можна цэлы вечар танцаваць.

Ён купiў пеўня i падумаў: "Прыйдзецца ж зiмаваць. Няхай спявае сабе. А калi Вольцы не спадабаецца - я ёй грошы вярну". Яшчэ не пачынала свiтаць, калi ён быў дома. Пеўня ён укiнуў у пуню i ўсё прыслухоўваўся, цi скора той заспявае.

|< Пред. 46 47 48 49 50 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]