Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
51 из 228
Раз яна сказала:
- А ўжо вельмi доўга вайна цягнецца, а ад бацькi нi разу пiсьма не было. Я ўжо ведаю, што яго няма жывога.
Адкуль жа яна можа ведаць? Вось ён дык ведае, што яго бацькi ўжо няма!
Як гояцца раны зямлi! Ззяе ямiнамi разварочаная рыдлёўкамi зямля. Або ляжыць перад чалавечымi вачыма земляное калецтва, калi пройдзе па ёй, як гэта сёння, у нашы ганебныя для чалавецтва днi, ганьба чалавечага генiя, танк - стварэнне чалавека дзеля смерцi чалавека. Або крывавыя раны зямлi, прабiтыя бомбамi. Чорная зямля па краях i дзеля напамiнку чалавеку, што ён горш за звера i жывёлу, - травiна, прылiплая да земляной раны. Сонца сушыць скалечанае месца, палошчуць дажджы, абвяваюць вятры. Iдзе час. I няма калецтва: ужо ўсё зарасло травой, ужо i дрэўца пасеялася i ўзышло. Расце ўсё вышэй i ўжо здалёк вiдно. I на месцы, дзе ззяла рана, красуе хараство, i, здаецца, нiякае ўтрапенне не кране тут жыцця прыроды i чалавека. Вялiкi доктар - час - спакойна i безупынна iдзе па свеце i лечыць, i гоiць.
Скруха i смутак тупелi i ўсыхалi. Яны iшлi да свайго поўнага знiкнення. Кастусь i сам стараўся гнаць ад сябе думкi аб нядаўным мiнулым. Праца ўраўнаважвала яго душу. Цяпер ён рыхтаваў немудрашчую Волеччыну гаспадарку да вясны. Льга думаць, што ён, у гэты час свае маладосцi, вельмi мала закiдаў думкi далёка наперад. Вельмi можа быць, што тут i пачыналася яго шчасце: прынамсi цяжкая паняверка не гняла яго душы i не сеяла ў ёй смутку. Чалавек меў радасць ад усяго таго, што рабiў кожны дзень. Так гартавалася i яго дужасць.
|< Пред. 49 50 51 52 53 След. >|