Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 53 из 228

Пасля жнiва ён пачаў угаворваць яе не шкадаваць тых грошай за каня i набраць крамнiны на плацце. Доўга iшлi гэтыя ўгаворы, а нарэшце, ужо-такi ў сапраўдную восень, ён убачыў яе ў новай сукенцы. Гэта праўда, што чалавек упрыгожвае рэчы i свет. Але i яны не так сабе iснуюць навакол чалавека. Трэба было паглядзець збоку, як ён акiдаў яе вачыма! Цяпер нават ён як бы i пабойваўся яе. Яна, сваiм жаночым пачуццём, угадала гэта i старалася быць пры iм у тым старым зношаным адзеннi. А пасля стала ўгаворваць яго набраць i сабе новай крамнiны - грошы яшчэ былi. Як гэта, ён сам не здолее прыадзецца? Гэта не быў пусты гонар. Гэта ён ужо адчуў у сабе мужчыну. Якiя яны аднак жа сталi за гэты нядоўгi яшчэ час! Усю восень ён наймаўся на чужую работу з канём, а ранняй зiмой выфранцiўся сам, купiў ён блучковую хустку i чаравiкi i пачаў саромецца глянуць ёй у вочы. I зноў было нядобра. Яна адчувала, што яна першая павiнна нешта такое сказаць цi зрабiць, каб усё зноў стала на сваё месца. Але як i што? Гэта была пакута. Надыходзiла новая пара ў iхнiм жыццi. Яны не спяшалiся ёй насустрач. Яно само ўсё iшлося, а яны мелi радасць ад свае кожнадзённасцi. Зноў вясна, зноў ён араў i сеяў. Пасля вясны будзе лета... Так i новыя падзеi прыйшлi. Канчалася вайна, а з-пад Сумлiч згiнулi паны. Кастусь вазiў з панскага лесу дрэва не таму, што надумаўся на месцы старой Нявадаўскай хаты або дзе iнакш будаваць новую, а таму, што ўсе вазiлi дрэва. Ён складаў яго на вулiцы, i к лету перад вокнамi Нявадаўскай хаты навалена было бярвення да самых гэтых вокан. Так ён пакiнуў быць выгнанцам i бяздомнiкам i стаў тубыльцам тут.

|< Пред. 51 52 53 54 55 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]