Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 55 из 228

Поле асталося голае, толькi дзе-нiдзе прыснежанае, скрозь тырчэла пачарнелае ржышча i месцамi нават з крохкiм зяленiвам не з'едзенай жывёлай i высушанай марозам травы. Дзiўная пачыналася зiма ў гэтых месцах. Бярозавы гасцiнец, што iшоў цераз Сумлiчы з усходу на захад, ляжаў пад снегам, але на два крокi ў бок ад яго былi голыя палявыя прасторы з iржэўем i раллёй i жоўтыя з зеленаватым адценнем паплавы. Рэчкi цяклi пад чыстым лёдам, i праз яго свiцiлася жвiрыстае дно i багавiнне з вечным сваiм павольным рухам. Сонца свяцiла цэлымi днямi, i водблiск яго на голым полi будзiў успамiны аб былым зiхаценнi летнiх дзён. Ад Сумлiч на захад гасцiнец праходзiў праз дробны горад Нясвiж. Памiж Сумлiчамi i Нясвiжам па гасцiнцы ёсць яшчэ некалькi мястэчак, i апошняе з iх к Нясвiжу - Цiмкавiчы. На сярэдзiне ж дарогi памiж гэтым мястэчкам i Нясвiжам стаяла тады старая карчма, як i належыць ёй, з стадолай i прасторнай хатай на падлозе i з бакоўкамi. Карчма стаяла пры самым гасцiнцы на ўездзе ў сяло Кукавiчы i называлася "Кукавiцкая карчма". У першыя месяцы пасля мiру з Польшчай (зiмою 1920 i 1921 гг.), пакуль не вызначана была i не адзначана цвёрдая лiнiя гранiцы з Польшчай, гэтая карчма была тым пунктам, на якi арыентаваўся кожны, хто хацеў цвёрда дазнацца, дзе Савецкая зямля, а дзе ўладаннi Польскай дзяржавы. Калi па гасцiнцы ты ступiш ад карчмы крок на захад, дык апынiшся ў Польскай дзяржаве, а крок на ўсход будзеш на Савецкай зямлi. Тады не было яшчэ нi пагранiчнiкаў, нi пагранiчных заставаў i можа нават i цвёрда вызначанай дзяржаўнымi планамi засылкi шпiёнаў. Хто ведае з нас, простых людзей. Можа тады аб гэтым толькi пачыналi думаць у мiнiстэрскiх кабiнетах.

|< Пред. 53 54 55 56 57 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]