Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 59 из 228

Бывала,калi вязу што або каго ў Нясвiж, дык заўсёды начаваў або папасваўся ў цябе. Не пазнаў?

- Чаму не! Сумлiцкi Нявада. Але ж вайна з цябе i штуку вырабiла! Нi да кога i сам да сябе ты цяпер не падобен. Адкуль жа ты i куды iдзеш?

- А ты як жыў?

- Як жыў! Усяго бывала. Тут жа i немцы былi, i палякi былi... А кожны ж прышэлец iдзе на чужую зямлю не на тое, каб што-небудзь прынесцi ёй, а каб сабе з яе ўварваць. А цяпер жа не канец яшчэ. Я апынуўся ў шчылiне памiж дзвюма дзяржавамi. Стадола i хата стаяць на савецкай старане, а града з рэдзькаю пры хаце i прызба пад вокнамi - гэта Польшча. Я яшчэ чакаю, што хлеў, дзе стаiць карова, будзе абвешчан нямецкiм, а унь тая бяроза на гасцiнцы ангельскай. Я табе зайздрошчу. Адкуль бы ты нi iшоў, то ты iдзеш у свае Сумлiчы. А калi нават твая там хата i згнiла дарэшты, ты ўсё роўна iдзеш дадому. А мне трэба адсюль выбiрацца. Цяпер жа рэвалюцыя. Ты набярэш зямлi i паставiш хату. Ты адпакутаваў на вайне, але тваё шчасце прыйшло да цябе. А я праз усё жыццё збiраўся ехаць за мора ў Амерыку, а цяпер позна... Адкуль ты iдзеш?

- Iду з нямецкага палону.

- Што ж ты так запазнiўся? Унь адзiн кукавiцкi даўно ўжо як дома.

- Мала што, той можа з прычыны мiрнага дагавору, а я з лагера ўцёк яшчэ да мiру з немцамi. Да Польшчы дабраўся, а з Польшчы ледзь выбраўся. У лагерах цяжка было выжыць, але i палякi такiя заядлыя, што разоў некалькi ў турму саджалi, калi лавiлi на дарозе. Лiчылi мяне за нейкага такога, хто хоча згубiць iх уваскрослую дзяржаву.

|< Пред. 57 58 59 60 61 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]