Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 60 из 228

Так усё i дапытвалi мяне - а цi не маю я намераў пусцiць на паветра цэлую дзяржаву! А Божа мой! Нашто мне Польская дзяржава?! Яна мне патрэбна не больш, як Англiя разам з Францыяй, Амерыкай i Турэччынай у прыдачу. Бойцеся, кажу, Бога! Пазбiрайце вы, кажу, золата з усяго свету, зрабiце з яго трон, пасадзiце на яго мяне кiраваць паўсветам, а каб увесь свет выхваляў мяне, дык я перад вамi буду прасiцца i малiцца: пусцiце, калi ласка, дайце мне шчасце спаўзцi з гэтага трона: я колькi год жыта не сеяў, кала нават не зачасаў, у кузнi каня не каваў, у млыне мукi не малоў, раллi не нюхаў, ботаў не мазаў, капусты не сёрбаў, не наслухаўся ўволю, як пеўнi спяваюць, як людзi па-людску гавораць. (Вочы яго пачырванелi.) А ў мяне ж у Сумлiчах асталася адна як ёсць малая Волечка. Што яе ўжо на свеце даўно няма - гэта ўжо няма чаго i казаць.

- Бог дасць, нейк выкiдалася.

- Як!? Пакiнуў адну ўжо колькi год таму! Дзiця горкае!

- Пройдзем далей адгэтуль. Прыйдуць дзеўкi - дадуць табе гарачага есцi, тады будзеш спаць да ранiцы. Дарога яшчэ табе вялiкая.

Удвух яны ўвайшлi ў карчомную хату. Карчмар сеў на лаву, а Нявада прыпёрся плячыма да печы грэцца. Ён змагаўся з дрымотаю. Соннымi вачыма ён аглядаў здаўных знаёмыя яму сцены. Ён разбiраў там надпiсы, некаторыя былi размашыста напiсаны цi выразаны нажом. Каб хутчэй перабыць чаканне, ён прачытваў iх моцным шэптам. Адзiн надпiс быў вось якi: "Памажы мне, Божа, знайсцi дзверы ў маю будучыню. Граф Палiводскi".

|< Пред. 58 59 60 61 62 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]