Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
65 из 228
Ты мяне называеш хамам? За тое, што я зрабiў табе - я чалавек, а за тое, як ты са мной абышоўся - ты хам!
Што было далей, мне невядома, а вядома толькi, Палiводскi выхапiў рэвальвер, каб аддзячыць свайму збавiцелю за хамства, а той хапiў качаргу i аперазаў Палiводскага па спiне i выгнаў вон з хаты, ён яшчэ не ведаў, што на захадзе тутэйшай зямлi рэвалюцыi прыйшоў канец, а ўсё гэта было на захад ад мае карчмы. Там ужо рыхтавалася да свайго ўстанаўлення Польшча, i ўсе паны, каторыя яшчэ лiпелi дзе на ўсходзе, рынулiся туды. Палiводскi неўзабаве стаў афiцэрам польскага войска i добра ваяваў з бальшавiкамi, а пасля мiру, калi ўжо тут гранiцу пачалi вызначаць, стаў афiцэрам у пагранiчным войску. Божа мой, якi блiскучы шык! Хоць у кiшэнi нi капейкi, але затое зверху! Увесь блiшчыць.
- Ну добра, адкуль жа ты ўсё гэта ведаеш?
- На тым тыднi ён ехаў уздоўж гранiцы з сваiмi жаўнерамi i цэлую ноч з другiм афiцэрам праседзеў тут, чакаючы, пакуль ацiхне вецер i пакiне засыпаць вочы мёрзлым снегам. Той другi афiцэр быў стары i ўсё енчыў па сваiх маёнтках, якiя таксама, як i ў Палiводскага, асталiся на бальшавiцкай старане. Так яны цэлую ноч i праспавядалiся адзiн аднаму, а я з бакоўкi слухаў. Але Палiводскi не ныў па сваiх маёнтках, а прагаварыўся таму старому плаксуну, што ў яго галаве спеюць шырокiя планы, так што ён нават i тое золата, якое нехта невядомы ўкраў у яго, у сто столак верне. Што гэта за планы - ён, аднак, не сказаў. Толькi ён сказаў, што мае падазрэнне, што яго абчысцiў той самы яго збавiцель, калi яшчэ ён ляжаў слабы на дарозе або калi яны iшлi, прыцiснуўшыся адзiн да аднаго. Можа яно i праўда, з людзьмi не разбярэш. Ну, як толькi развiднела, яны з карчмы i паехалi. Вось i ўсё, чалавеча.
|< Пред. 63 64 65 66 67 След. >|