Пошуки будучыни (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 66 из 228

Усё бедавалi аб тым, што прыйшлося службай зарабляць, каб пражыць.

- А каторы можа з iх успамiнаў пра што такое, чаго ад душы не адарваць, цi ўсё толькi пра маёмасць гаварылi, як гэты ж Палiводскi, якi, добра кажа, нi разу тае зямлi i не бачыў, з якое ён прыбыткi меў.

- Бойся Бога, чалавеча, ты ўсё на свой капыл гнеш. Ты з куста травы пражывеш, як верабей, дык табе i мiл той куст. А яны - паўсвету ў думках маюць. Дзе ў iх там што мiлае будзе! Хэ-хэ! - карчмар усмiхнуўся пагардлiва да Нявады.

- Што табе за смех! Гэта праўда, што мне мiл куст травы. Мне ўжо сорак год зараз будзе. А як быў я малы, разростаўся тады збоку ад гасцiнца пад Сумлiчамi куст шыпшыны. А калi я iшоў на вайну, куст быў ужо цэлым зараснiкам. Божа мой, я ж, пакутуючы душой у той праклятай Нямеччыне, толькi i думаў што пра Волечку i пра тую шыпшыну. Без Волечкi i без шыпшыны няма для мяне i роднай бацькаўшчыны. Для мяне будзе радасць, калi я прайду паўз той зараснiк, уваходзячы ў Сумлiчы. Як жа гэта так жыць, каб чалавеку на свеце не было за што душой зачапiцца. А гэты Палiводскi што? Ён i не нюхаў роднай зямлi, толькi жыў з яе. Хiба ён дзе на ёй хату паставiў, цi дом, цi дрэва пасадзiў? Як на мой розум - дык толькi той чалавек, што калi яго вырвуць з роднага месца, дык ён, пакуль жыў, будзе рвацца туды. А калi дарвецца i ўбачыць, што там усё спустошана, дык ён другi раз жыць пачне: дрэвы пасадзiць i дом паставiць. А будуць яго зноў iрваць з месца, дык ён зямлю грызе, а не даецца або галаву адарве таму, хто становiцца ў яго над душой.

|< Пред. 64 65 66 67 68 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]