Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
67 из 228
Бо няма мне жыцця там, дзе не расце тая шыпшына, што ў маiм маленствецешыла мне вочы. Лепш грызцi зямлю ў родным кутку, чым каб цябе лiхiм ветрам кiдала па чужым свеце.
- Ну, адзiн любiць родную зямлю грызцi, а другi на чужой старане пiрагi есцi.
- Чужая старана пiрагамi не накормiць, калi ёй свае душы не аддасi. А я сваю душу магу аддаць толькi таму, хто мяне на свет пусцiў. Я гэта ведаю, бо даволi перахварэў па ўсiм тым, чаго ад сэрца не адарвеш... Калi я жыць буду ў родным месцы, дык я не дапушчу, каб на iм было гола i пуста... А Божа мой...
Карчмар даўно ўжо драмаў седзячы, пасля выйшаў у бакоўку, а Нявада ўсё яшчэ гаварыў пра родны кут, пра Волечку, пра шыпшыну. Гаворка яго скончылася шэптам i дрымотай, пасля яго паклiкалi есцi, а пасля ён спаў на ляжанцы i мусiць вельмi доўга, бо калi ён прахапiўся ад вялiкага смутку па малой Волечцы, было цёмна i цiха, толькi роўна шумеў за вокнамi на гасцiнцы вецер. Праз вокны вiдны былi на небе рэдкiя зоры.
- Божа мой... Волечка... - прагаварыў сам сабе гэты змучаны i душой i целам чалавек, азiраючыся па карчомнай хаце, - i зоры свецяць, i вецер на гасцiнцы спявае... i мусiць сярпок месяца яшчэ ёсць... А каб не вецер - на гасцiнцы цiхата была б. Ну, у дарогу!
Ох, як даўно ўжо гэты чалавек не глядзеў на зоры над сваёй роднай зямлёй! Сэрца яго бiлася моцна, калi ён усцягваў на сябе сваю сабраную з усяго свету адзежу, пасля хадзiў у кухню мыцца, пасля выцiраўся тым, што было ўчора павязана ў яго на галаве пад шапкай. Ён у цiхiм парыве рухава збiраўся ў дарогу. I сапраўды серп месяца паднiмаўся над бярозай, за гасцiнцам.
|< Пред. 65 66 67 68 69 След. >|