Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
68 из 228
У бакоўцы Нявада сунуў руку пад коўдру соннаму карчмару i пайшоў да дзвярэй.
- Ацапеў ты, чалавеча, - абазваўся карчмар. - Куды ты? Яшчэ ноч на дварэ. Удзень iсцi смялей. Тут каля гранiцы кожны пытацца будзе, а куды, а адкуль, а чаго. Ды яшчэ ўночы!
- Няхай пытае. Чаго мне баяцца. Я iду з чужыны дадому. Па роднай зямлi iду.
- Ты думаеш, што родная зямля козыр на ўвесь свет... Дык вазьмi хоць хлеба за пазуху са стала.
Нявада хiстануўся да стала, адламаў хлеба i выйшаў з карчмы на гасцiнец. Якiя вялiкiя прасторы былi перад iм! Удзень усё было як бы сцiснута то познiм усходам сонца, то раннiм лiстападаўскiм змярканнем, то нежывым бляскам халоднага сонца. Нявада iшоў абочынай гасцiнца, адкуль увесь снег змяло ў прыдарожныя лагчыны. Вецер дзьмуў яму ў твар. Цёмныя iстужкi лясоў заўважалi яго вочы на даляглядах. Выйшаў ён з карчмы роўнай i шпаркай хадою, але ўжо можа праз кiламетр хада яго спавольнiлася, i ён пакiнуў разглядаць далягляды. Вочы глядзелi на сцежку пад ногi, i зноў ён ужо iшоў так, як i ўсе днi, пакуль не дайшоў да карчмы. Кожны крок наблiжаў яго да роднага кута, але - а цi не згубiўся гэты кут у гэтым, няхай сабе хоць i родным, прасторы? Можа яго стапталi чужынцы, якiя так многа тут хадзiлi? А можа трэба будзе пачынаць жыць спачатку? А можа малое Волечкi жывое няма? А можа ўжо тут няма нiчога, за што так трымалася душа? Якое тады гора будзе чалавеку на ўсё жыццё! Зашарэла неба, i сонца ўзышло. Дарога паўзла вельмi марудна. Але крок зменьваўся крокам.
|< Пред. 66 67 68 69 70 След. >|