Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
69 из 228
Прайшоў i скончыўся дзень, прайшла i яшчэ ноч у прыдарожнай хаце. I зноў iшоў дзень, i паўзла дарога. Другiя гэта былi цi трэцiя суткi пасля карчмы? Надвор'е змякчэла, схмурнела, i вецер ужо дзьмуў Няваду не ў твар, а ў плечы. Раптам вецер сцiх. Смутак ужо даўно перарабiўся ў роўнае забыццё. Нiводнай успышкi вострага пачуцця ўжо не з'яўлялася на твары. Але ў адным месцы дарогi чалавек стаў i пачаў углядацца ў прастору. Ледзь пратаптаная сцежка вяла з дарогi ўбок. Чалавек узышоў на яе, i твар яго адразу ажывiўся. Сцежка прывяла яго да палявой дарогi, i ён пайшоў па ёй. Неўзабаве ён дайшоў да густога зараснiку шыпшыны i стаў перад iм. У моманты вялiкiх душэўных зрухаў або напружанай змены падзей цi жыццёвых акалiчнасцей людзi i старыя робяцца як дзецi. Гэты чалавек цяпер, з дзiцячым выразам на твары, убачыў, што адзiн-адзiнюткi лiсток, скручаны ад холаду, аставаўся на шыпшыннiку. Ён не страцiў яшчэ жоўтага колеру. Чалавек сарваў лiсток, прыклаў яго да губ, i твар яго адразу пасуравеў, i ўвесь ён цвёрда выпрастаўся. Цвёрдай i роўнай хадой ён пайшоў далей. Адчувалася першае змярканне, калi перад iм вырысавалiся абрысы першых сумлiцкiх будынкаў. Хада яго зрабiлася вельмi шпаркай, i пячаць вялiкай напружанасцi думак лягла на твар. Углядаючыся перад сабой, як быццам баючыся ўбачыць штосьцi ўжо вядомае яму i да жудасцi страшнае, ён сцiшанай хадой падышоў да так вядомага яму ясеня на вулiцы. А крокаў за дзесяць ад ясеня родная хата. Цяпер яна ўжо струхлела яшчэ больш, як была. Не паспеў ён калiсьцi, iдучы на вайну, i брамы паднавiць.
|< Пред. 67 68 69 70 71 След. >|