Сябра пазнаецца ы бядзе (на белорусском языке)   ::   Моэм Сомерсет

Страница: 2 из 7

Сам я асабiста пераканаўся, што чым больш я ведаю чалавека, тым больш ён мяне дзiвiць: якраз пра сваiх даўнейшых сяброў я магу сказаць, што амаль нiчога пра iх не ведаю.

Усе гэтыя развагi прыйшлi мне ў галаву, калi я даведаўся з ранiшняй газеты, што Эдвард Хайд Бертан сканаў у Кобе. Гэты камерсант доўга жыў у Японii, займаўся гандлем. Мы былi вельмi малазнаёмыя, але ён аднойчы мяне дужа ўразiў. Калi б я не чуў гэтай гiсторыi ад яго самога, я нiколi б не паверыў, што ён здольны на такi ўчынак. Цiкава, што вонкава i манерамi ён ствараў даволi дакладны тып. Тут якраз - тыповы цэльны характар. Гэта быў маленькi чалавек, не болей пяцi футаў чатырох цаляў росту, вельмi зграбны, з сiвымi валасамi, маршчынiстым чырвоным тварам i блакiтнымi вачыма. Здаецца, яму было каля шасцiдзесяцi, калi я пазнаёмiўся з iм. Адзяваўся ён заўжды акуратна, з густам, адпаведна гадам i месцу ў грамадстве.

Хоць яго кантора была ў Кобе, Бертан часта паяўляўся ў Iякагаме. Аднойчы мне давялося жыць там некалькi дзён, чакаючы карабель. Нас пазнаёмiлi ў Ангельскiм клубе. Мы сталi партнёрамi ў брыдж. Гуляў ён вельмi добра. Гаварыў мала, як за картамi, так i пасля за кактэйлем. Кожны сказ яго быў старанна ўзважаны, але не пазбаўлены мяккага i стрыманага гумару. Бертан карыстаўся папулярнасцю ў клубе, i пасля, калi пайшоў, мне сказалi, што гэта адзiн з найлепшых наведвальнiкаў.

Так здарылася, што мы разам спынiлiся ў Гранд-атэлi, i на другi дзень ён запрасiў мяне паабедаць. Я пазнаёмiўся з яго жонкай, тоўстай, вясёлай, у гадах жанчынай, i дзвюма дочкамi. Гэта была, безумоўна, дружная сям'я.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]