Справа Виктара Лукашэвича (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
12 из 31
Ружавеў захад iз другога боку ў чорных дрэвах бялеў месяц. За адкiненымi веснiцамi звiнела пустая цiшыня вулiцы. Сiнявокi Якуб моўчкi выйшаў з сянец, паслiзнуўся на ганку, траха не ўпаў, але адзержаўся i падаўся на вулiцу.
- Куды ты?
- Нiкуды.
На вулiцы Якуб шпарка пераступаў з нагi на нагу, бiў ботам аб бот. Вiця не ўцерпеў з ганка:
- Нашто ты боты рвеш?
- Ногi мерзнуць.
- Дык няхай бы сядзеў у хаце.
- У цябе не папытаю. Вельмi бацька знайшоўся! Прыганяты!
- Дурань, чаго ты агыркваешся!
- Бо чаго ты заўсёды чэпiшся!
- Iдзi ў хату!
- Чаму?
- Не мерзнi.
- А сам? Я цяплей за цябе апранены. Гэта ты iдзi, не мерзнi ў гэтым летнiм фрэнчы.
Вiця смешна нахмурыў свае белабрысыя бровы i адчынiў дзверы ў сенцы.
У кухнi было змрочна. Бялела акно над сталом. Вiця пацягнуў носам i бурклiва сказаў:
- Зноў накурыў поўную хату.
Прытулiўся плячыма да печы i грэўся. Адагрэтыя пальцы на нагах вельмi засвярбелi. Дык ён сцягнуў бот i з асалодаю пачаў церцi пальцы анучаю. Усё ў хаце маўчала. Раптам ён апусцiў рукi i стаў думаць.
"Нашто я пусцiў Маргарыту iсцi, яна i так колькi ўжо ночаў не спала. Як яна i так цягне... Перабыў гэтулькi часу без адзежыны, дык i яшчэ б з лiшнi дзень пачакаў бы... Цяпер ёй гэтыя днi лягчэй будзе, пакуль Маня зноў паедзе..."
Усё нястрыманым вiхрам iмчалася ў галаве.
Сядзеў моўчкi доўга. Пасля шпарка ўсцягнуў бот i ўвайшоў у хату. Глянуў у акно ад вулiцы. Якуб стаяў на тым жа ўсё месцы.
|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|