Справа Виктара Лукашэвича (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 17 из 31



- А ты ведаеш сваеабавязкi?

- Ведаю... Чаго ты хочаш дайсцi гэтым судом? Я i без судоў ведаю закон.

- Але цi закон цябе ведае?

- Дык што ж, па-твойму, я непакараны злачынец?!

- Гэта ты добра сказаў, непакараны злачынец!

- Дык не табе ж судзiць i караць мяне! Годзе! Нiчога ты гэтым судом не дойдзеш! Усё ў нас скончана, раз i назаўсёды! Калi ты па добрасцi не можаш!..

- Не крычы, не хвалiся, што крычаць умееш.

- Дык буду маўчаць.

Ён адышоўся ад акна i закурыў. Дастаў з кiшэнi маленькi, на ланцужку, гадзiннiк. I зноў падышоў:

- Спынi гэтую справу i едзь адгэтуль.

- Не, я запiшуся на бiржу працы.

- Ты хочаш тут заставацца?

- Хачу.

Яна памаўчала. I зноў старалася не заiкацца ад сваёй трывогi:

- Застануся тут... Табе не хочацца гэтага?

- Як хочаш. Мы чужыя людзi.

- Чужыя?! А чатыры гады мы не былi чужыя? Пэўна ж, што я цяпер табе чужая стала, на чорта я табе цяпер, хворая. Пану трэба не гэтакая жонка.

- Якi гэта пан?

- Табе цяпер не гэтакая, як я, трэба, вядома.

- Я яшчэ раз кажу табе, прашу цябе - годзе нам адно аднаго мучыць. Я гэтак знерваваўся i стрывожыўся за ўвесь гэты цяжкi i паскудны час.

- Нiчога, паедзеш на курорт, палечышся.

- Не ўсмiхайся гэтак, ты мяне ўпiкаеш яшчэ i курортам?!

- Ага, ты ўжо голас збавiў. Сцiшэў? Жывi сабе, едзь сабе, упоперак дарогi я табе не стану. Гавары сабе пра свайго новага чалавека, гавары, трубi ўсюды, дзе толькi льга...

|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]