Справа Виктара Лукашэвича (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 19 из 31

Мы, змагаючыяся i будуючыя, а таксама маючыя перспектыву на светлае заўтра, цяпер павiнны адкiнуць ад сябе старыя мяшчанскiя традыцыi... Жывi там i не прыязджай, належачае па закону я табе буду беспракаслоўна высылаць. Марынковiч".

"Новы чалавек" яму спакою не дае! Якая гадзiна!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Старыя мае запiскi трывожаць мяне. Якуб цяпер вялiкiм вырас... Не, не мог бы цяпер дакончыць лiста Марынковiчу. I не варт ён таго. Ды i нашто я пiсаў яму? Як гэта мне магло ў галаву ўзбрысцi гэта? Не да яго ж апеляваць з гэтаю справаю.

А якi прававерны грамадзянiн i партыец! Надпiс яго на картачцы сваёй Маргарыце, даўней, калi яшчэ яна дзяўчынаю была: "Тов. Маргарите от близкого, может быть, товарища. Общественность и общественная работа должны жить в вас. Маринкович". Тады ён яшчэ не быў "балгарынам". Не было яшчэ загаду пра беларусiзацыю.

Не давай ты яму загаду (цi дырэктывы), i думка яго будзе драмаць спакойна i весела. Нiколi ён не выкажа нiводнай думкi свае: i няма яе ў яго, i баiцца - "а можа начальства зусiм не гэтак скажа. Пачакаю лепш, што яно скажа, а тады ўжо i я". I колькi яшчэ ён задушыць жывых слоў i думак рэвалюцыйнай творчасцi толькi таму, што выказаны яны не начальствам!..

Як гэта Маргарыта сышлася была з iм...

4. Весткi ад Якуба

"Братка Вiця! Але ж даўно я цябе не бачыў. Чаму ты гэтак мала пiшаш, забыўся пра нас, цi што? Мы табе рэдка калi пiшам - дык нам жа вельмi часу нiколi няма. Цяпер толькi адсеялiся.

|< Пред. 17 18 19 20 21 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]