Справа Виктара Лукашэвича (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 22 из 31

I яшчэ раз просiм мы цябе з Маняю - напiшы ты Маргарыце - няхай нiчога не думае i не псуе дарэшты свайго здароўя. Няхай прыязджае. Вiтай яе ад нас i бывай здаровенек. Якуб".

5. З стэнаграмы следчага допыту

...Цягнiк прыйшоў пад вечар. Я даўно чакаў на вакзале, каб сустрэць Якуба. Я стаяў каля дзвярэй i ўглядаўся ў людзей - якi ж цяпер той ранейшы сiнявокi Якуб, што (калi ўжо тое было!) гэтак няёмка развiтаўся быў са мною на станцыi? Я тады бачыў праз акно з вагона, як ён паправiў на возе мяшок з сенам i паехаў у сваю дарогу. Я ведаў, што ён спяшае, каб да вечара перапаўзцi трыццаць вёрст. Пакуль ад'ехаў, дык разоў тры азiрнуўся. А пасля цягнiк рушыў... Колькi ўжо год прайшло, як мы пакiнулi жыць разам!

Доўга прайшло часу, калi я заўважыў сярод людзей загарэлы, аж чорны, хлапечы твар i шэрую суконную жакетку. Цераз плячо ў Якуба вiсеў на палатняным рубцы малы клунак. Я схапiў яго за рукаў i выцягнуў з натоўпу.

На вулiцах стаяў пыл, i сонца яшчэ пякло. Якуб грукаў ботамi па гарачым бруку. У першыя хвiлiны мы не знаходзiлi словаў, i гаварыць пачалi тады, калi прыйшлi на кватэру. Што перш за ўсё кiнулася мне ў вочы ў Якуба - гэта павольная сталасць у рухах нават тады, калi гэтай павольнасцi не было.

"Як у старога вясковага гаспадара, у якога ўкаранiлася мудрасць, што на зямлi вельмi спяшаць i трапятацца няможна. А можа гэта ён стамiўся з дарогi?" - падумаў я.

Запахла ў пакоi Якубавымi ботамi i ветравым пылам ад яго жакеткi.

Якуб гаварыў пра ўсе самыя дробныя хатнiя справы, пра знаёмых вясковых, смяяўся мякка i добра.

|< Пред. 20 21 22 23 24 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]