Вечар (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 14 из 15

Застылi ў нерухомасцi дрэвы напроцi акна, i здавалася, што там вельмi ж прытульна i добра. Ужо чулiся здалёк з электрычнае станцыi шырокiя зыкi паравiка, ды яшчэ некi стук, дробны i тупы, iмчаўся аднекуль. Але не парушалi гэтыя зыкi цiшы i не мяшалi думкам. А яны плылi ўсё i плылi. Плылi, як шырокая рэчка ў цiхiя днi - бо быў дзень тады без буры ў душы. Плысцi яны будуць так аж да самай гэтай буры, пакуль не давядзецца iм зрабiцца вострымi...

I толькi як пачаў узнiмацца вецер, парушыў ён цiшыню. Плыў ён недзе з далёкiх, неабсяжных далей зямлi i веяў дзiкаю воляй. Пачынаў блытацца за вугламi камянiц. Пры цьмяным свеце лiхтароў вiдно было, як музыканты на бульвары пачалi настаўляць каўняры. I можа гэта ад таго, што ўсё пачало варушыцца, зноў захацелася Вiктару Зенiчу iсцi на вулiцу цi куды-небудзь iначай, абы iсцi. Цягнула да музыкантаў, туды, дзе пабольш людзей i зыкаў.

I зусiм ужо прайшоў цiхi настрой. Была ўжо вясёласць ад можа i несвядомага пачуцця, што вось ты сярод людзей, а вакол цябе iмчыцца жыццё. Што многа будзе чаго бачыцца i чуцца на зямлi, многа будзе дзён пражыта i гэтакiх вечароў, многа будзе зроблена нечага вялiкага, што заўсёды, да канца жыцця, стаiць перад табою, i нiколi не зробiцца так, каб быў яму ўжо абсалютны канец...

Вецер плыве, i музыка грае. Яскрава гараць агнi над горадам. Плывуць з ветрам з поля цiхiя песнi, ходзяць над зямлёй хмары, i iмкнецца жыццё на зямлi. Гавораць людзi, носяць радасць i смутак, смяюцца i плачуць. Б'ецца з пустаты глыбiня, з-пад смутку - радасць.

Жыццё ты маё шырокае без краёў, глыбiня мая бяздонная!..

|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]