Страница:
8 из 594
Але тое, што на небе рабілася і што зрабілася ў тую ноч — гэта праўда, гэта многія бачылі. І таму паверылі лёгка. А можа, і не таму, а проста роспач.
…Вясною той, уначы, — а бачылі тое жыхары з Міра, з Нясвіжа, і Слуцака, і Слоніма, усіх тых мясцін і весяў, — з шыпам і свістам прамчаў па небе агнявы змій з доўгім зыркім хвастом.
Бліжэй за ўсё бачылі яго мужыкі вёскі Ванячэ, што пад Мірам. Праляцела зверху, і ўніз, і наўскос і чабарохнулася за акаёмам. Здрыганулася зямля, шуганула нешта нейкае агнём, а потым даляцеў глухі ўдар.
Раніцай найбольш смелыя пайшлі ў той бок. Убачылі вялізную яму — шэсць, калі не больш, хат улезе — з бакамі аплаўленымі, нешта бліскучае на дне і размеценую вакол, цёплую, як печка, зямлю.
Яму тую, разам з усім, потым мірскі каплан загадаў, не гледзячы і не капаючыся, зямлёю засыпаць — каб спакусы не было і каб не дакранацца да рэчаў змеевых. Бо ўсім вядома, ч ы ё й зброяю быў змій. Але гэта потым, на другі дзень.
І тады ўбачылі мужыкі пад хмызам, у тумане, чалавека, які ляжаў, шырока раскінуўшы рукі, ніцма, як зрынуты, як ляжаў сатана, калі Пан Бог звергнуў яго з нябёс.
Ляжаў ён нерухома. Потым крыкі леляка ці то абудзілі яго, ці то варацілі да прытомнасці. І ён абапёрся на рукі, а потым павольна ўстаў і ўзняў з зямлі плашч. І тады ўсе ўбачылі, што ён у вопратцы шкаляра, і тады гукнулі і падышлі, а датуль баяліся.
|< Пред. 6 7 8 9 10 След. >|