Страница:
9 из 594
Спыталі, чаму ён тут, а ён сказаў, што ён вандроўны шкаляр і заблукаў і добра бачыў, як падае г э т а з неба… І далёка ад яго; але як ён і надалей блукаў, то выпадкова выйшаў на гэта самае месца і тут убачыў, што зямля гарачая. А паколькі крэсіва ён згубіў, а сам дужа намерзся, то лёг на гарачую зямлю і праспаў, як на ляжанцы. А калі ў яго спыталі, а чаго гэта ў яго лоб разбіты, ён сказаў, што ўчора, дарогаю, пабіўся з вандроўным манахам у карчме.
І тады ў яго спыталі, як гэта ён не баяўся так блізка ад д'яблавага месца спаць. А ён сказаў, што ніякіх д'яблаў на свеце ён не баіцца і з ахвотаю бы на гэты выгляд паглядзеў ці нават выспаўся на адной печцы — бо яму гэта малаважна.
Быў ён не такі ўжо і малады, год трыццаць пяць, але дужа моцны і на галаву вышэй за ўсіх. Твар нейкі не такі і, як тыя людзі мне казалі, смешнаваты, бровы густыя і доўгія, зубы надзіва белыя. Ля пояса ў яго вісеў корд* у бліскучых піхвах. Бліскучых, але танных, бо гэта не было срэбра.
* Кароткі меч.
І мужыкі тыя пусцілі яго ісці сваёй дарогай, а самі пайшлі да каплана, і шкаляр пайшоў.
Хлор Мамантовіч, шляхцюк, потым казаў мне, што гэта ён першы аб усім здагадаўся. Бо, вяртаючыся з горада ў засценак і сустрэўшы г э т а г а аднаго па дарозе ў сваім плашчы, аж жахнуўся, палічыўшы яго за Хрыста. Нібы раптам і на хвіліну здагадаўся — аж ногі да зямлі прыкіпелі і неба здалося з літоўскі кажух. Але тут здзіўляцца не трэба. Раніцай, здалёк, на гразкай дарозе — чаго не прыкінецца. Дый Хлор, вядома, як заўсёды, быў нападпітку. Усе ведаюць, чаго ён так рана з горада ходзіць.
|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|