Страница:
6 из 594
І страшна было глядзець у тыя вочы, і мурашкі па спіне, нібы Евінага змія ўбачыў, і непамысна неяк, і нібы ў чымсьці вінаваты.
Л е к а р у, вядома, страшна было глядзець. Бо я, Андронік Лагафіл, што выпадкова тады перабываў у Смаллянах, ля возера таго не быў, Лекару можна, а ў мяне такога абаронцы, як у яго, няма. Дый не цікавіў мяне пракляты звер. Я ў веры цвёрды і цікаўнасці лішняй выракаюся. Няўхвальная яна дзеля хрысціяніна, цікаўнасць.
Потым толькі зведалі мы, з чаго смяяўся дохлы звер. Тады, калі рачоны Хрыстос у Гародню зайшоў і людзей пабіў, і ксяндзоў* з магнатамі пабіў. А з'явіўся ён за грахі каталіцкіх** сыраядцаў і асабліва за грахі кардынала Лотра***.
* Праўлена кімсьці: «папоў».
** Праўлена кімсьці: «праваслаўных».
*** Праўлена кімсьці: «мітрапаліта Балвановіча».
Вялізнае ляжала на беразе і смярдзела, што, д'ябал яго ведае, з якіх дапатопных часоў прыйшло і вось, па невядомай прычыне, здохла. Можа, таму, што з'явіўся чалавек… Але гэта мудрагельствы пачаліся ўжо. А хрысціянін мудрагеліць не павінен, каб не падупала вера. І так заняпала яна ў апошнія нашы часы.
І было ў вачах ашклянелых, ва ўсім здыханні пачвары гэтай і ў смуродзе нейкае прароцтва. Але якое — слабым мазгам чалавечым дагэтуль не ўдалося зразумець.
…І яшчэ было ў той год страшнае і незразумелае. Толькі ўжо не на зямлі, а на небе. Узнікалі недзе далёка азёры і акіяны, і замкі плылі ў аблоках, і невядомыя ля іх дрэвы і чароды, што пасвяцца.
Плылі ў небе караблі пад крывавымі ветразямі.
|< Пред. 4 5 6 7 8 След. >|