Страница:
44 из 594
Трапляліся насустрач воіны ў медзі і сталі, магнаты ў золаце, парчы і галандскім сукне, гаспадыні ў шаўках — і Зянон збочваў сваімі скуранымі поршнямі ў пыл. Не таму, што баяўся (ён быў вольны), а проста, каб не запэцкаць гэтага дарагога хараства. Гэта ж падумаць толькі, на якія каштоўныя рэчы ўзбіліся людзі!
На Старым рынку ён падышоў да крамы хлебніка.
— Выручы.
Хлебнік, нібы складзены са сваіх уласных хлябоў, агледзеў здаравеннага, трохі нехлямяжнага мужыка ў вышыванай кашулі і з сякеркай-кляўцом* за поясам (вольны!), белавалосага, хударлявага.
* Клявец — востраканечны малаток для насякання жорнаў.
— Чаго табе?
— Хлеба.
Хлебнік зірнуў на рудога суседа. Замест адказу спытаў:
— Дзяцей у цябе многа?
— Хопіць.
— Ну вось, каб у мяне так зернеек было… А чаго ты да каго з паноў не пойдзеш ды купу* не возьмеш?
* Пазыка.
Рука Зянонава паказала на клявец:
— Гэта ўсё адно што вось адразу г э т а аддаць… Гэта ўсё адно што вось зараз яго табе аддаць ды пайсці.
— Гэтую цацку?
— Гэта т а б е яно — цацка.
— Бач, горды… Няма ў мяне хлеба.
Зянон уздыхнуў, зразумеўшы, што пазычыць не выйдзе. Была ў яго ў хаце шкура срэбнай лісіцы, яшчэ зімовая, ды ўсё бярог, і вось толькі ўчора, жадаючы прадаць даражэй, заквасіў апошнюю жменю мукі ды намазаў шкуру з мяздранага боку. Не выпадала аддаваць апошнюю манету, мала што можа здарыцца за два тыдні, пакуль не прадасць лісіцу (мог прыехаць, напрыклад, поп, і тады не абярэшся лаянкі, а можа, і горшага), ды што зробіш.
|< Пред. 42 43 44 45 46 След. >|