Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 43 из 594



Вялікі горад, тысячы людзей, моцныя муры, крамы, замак, з дзесятак цэркваў ды яшчэ манастыры, ды капліцы, ды унь званіца курыі — глянеш — шапка валіцца, ды унь будуюць вялізны касцёл бернардынаў з кляштарам. А унь узвышаецца Святая Ганна. А там, далёка ўлева, зіхаціць, як вясёлка, Каложа, у імя Барыса і Глеба.

На ўсё хапае. А ў мужыкоў няма хлеба. Ды і ў мяшчан не лепей. Колькі іх?! Унь вуліца Кавальская, Мечная, Піўная, Калёсная, вуліца Стрыхалёў*, вуліца Адвеса**, Утэрфінавая***, вуліца Абадранага Бабра, Страменная, Багамазная, Разьбярны кут, ды яшчэ і яшчэ, дваццаць сем вялізных вуліц, не лічачы завулкаў, тупікоў ды асобных выселкаў, слабодак і хат.

* Вапеннікаў.

** Грунтвагі.

*** Суконная.

І ўсе гэтыя магершчыкі, кацельшчыкі, маляры, саладоўнікі, сталяры сядзяць і не маюць да чаго прыкласці рукі, і тымі ж вачыма, што і ён, Зянон, праводзяць кожны хлебны воз.

Ад нязвыклага гарадскога шуму ў мужыка дурэла галава. Спакойнымі, глыбока пасаджанымі шэрымі вачыма ён глядзеў, як круцяцца колы берагавых млыноў (Нёманава плынь адводзілася на іх плятнямі), як паўзуць па блоках у верхнія паверхі складаў цюкі з таварам, чуў, як гарлаюць гандляры, як вухае васкабойка, як звіняць малаточкамі па сталі чаканшчыкі ў мечных майстэрнях.

Пахла шкурамі, гноем, невядомымі, нетутэйшымі пахамі, гарэлкай, мёдам, сенам, салёнай рыбай, дзёгцем, хмелем, рыбаю свежай, каноплямі, іншым, незнаёмым Зянону.

|< Пред. 41 42 43 44 45 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]