Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 45 из 594



Ён выцягнуў манету з-за шчакі, лінуў на яе вадою зцэбра, што стаяў на зрубе.

— Чаго мыеш?

— Я-то здаровы. А бываюць розныя, пракажоныя хаця б. Хоць усё гэта і ад Бога, а ў рукі браць брыдка.

— Ну, гэта як каму, — усміхнуўся хлебнік.

— То дасі?

Хлебнік пачухаў галаву:

— Дынарый кесара. Любы ты мой чалавек. Чалавек ты ўжо дужа харошы. Горды. Ну, можа, наскрабу. — І манета знікла, нібы яе й не было.

Зянон стаяў і чакаў. Праехаў паўз яго воз з сенам да брамы бернардынаў. Побач ішоў здаровы дурыла-манах. Калматы сялянскі конік пацягнуўся быў да воза — манах ударыў яго па храпе. Конік звыкла — нібы заўсёды так было паложана — апусціў галаву са слёзнымі вачыма.

І тут Зянон убачыў, як напярэймы возу ідзе знаёмы каваль, Кірык Вястун, боўдзіла, можа, толькі на галаву ніжэйшы за славутага Пархвера. Твар адмыў, а рукі — чорт ты іх нават за тыдзень адмыеш. Смяецца, зубы прадае. Жоўты ў пшанічны колас, як агонь у ягонай кузні. Вочы ястрабіныя. Скураны фартух цераз плячо, у адной руцэ молат. А з ім ідзе яшчэ адзін здаравіла (ох, і здаровы ж гародзенскія мяшчане, дый паўсюль па Белай Русі не горшыя!), толькі што худзейшы ды валасы занадта доўгія. Гэты — у бялюткай, як снег, світцы і ў данельга заляпаных гразёю поршнях. Цераз плячо — казіныя мяхі вялізнай дуды.

Дудар глянуў на сцэну з конікам, пайшоў да воза і скубануў адтуль вялікі ахапак сена. Манах сунуўся быў да яго, але тут павольна падышоў Вястун.

— Чаго табе, чаго? — спытаў нявінным голасам.

Дудар ужо кінуў сена коніку.

|< Пред. 43 44 45 46 47 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]