Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 46 из 594



— Еш, Божая худоба, — і трапануў яго па грыўцы, што звісла на вочы. Жывёла прагна пацягнулася да сена.

— Сена шкадуеш, куражэр? — спытаў Кірык. — От так табе чэрці ў пекле халоднай вады пашкадуюць.

— Сам у пекле будзеш, дысыдэнт*, — сказаў бернардынец.

* Хрысціянін, не каталік.

— За што? За тое, што не так жагнаюся? Патрэбна гэта Пану Богу, як тваё мінулагодняе дзярмо.

— Блюзнер! — круцячы вачыма, як баран перад пратэсамі, прахрыпеў мніх.

— Скубі яшчэ ахапак! — скамандаваў Кірык.

Валыншчык марудзіў, бо манах пацягнуўся да корда. І тады каваль узяў яго за руку з кордам, хвіліну павагаўся, адольваючы немалое супраціўленне, і павёў руку з кордам да мніхава лба:

— А вось я цябе навучу, як схізматы хрысцяцца. Хаця раз ды саграшы.

Каб не параніцца, бернардынец расціснуў кулак. Корд змейкаю бліснуў у пыле. Дудар падумаў, узняў яго, з сілаю шпурнуў у студню. Там гулькнула. Ён паправіў дуду і пайшоў да воза.

— Вось так, — Вястун з сілаю прыпячатаў мніхаў кулак да ягонага лба. — І вось так, — мніх сагнуўся ад штуршка ў жывот. — А цяпер правы плячук… Куды ты, куды? Не левы, а правы. А вось цяпер — левы.

І з сілаю адкінуў мніха ад сябе.

— Блюзнерства гэта, Кірык, — няўхвальна сказаў дудар. — Гарэзаванне.

— Кінь, — плюнуў каваль. — Унь Кляонік каталік. Што я, прымушаў яго па-нашаму жагнацца? Ды я яго кулаком абмахаў, а не пяццю пальцамі. Кінь, дудар, сам хвігаю жагнаешся.

|< Пред. 44 45 46 47 48 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]