Страница:
47 из 594
Конік удзячна хітаў галавою. І тут сёй-той на плошчы, і Зянон, і нават сам каваль свіснулі. З абскубенага воза тырчалі жаночыя ногі, падціскаліся. Мніх з бліскавічнай хуткасцю ссунуў на іх сена, пабег побач з коньмі, падганяючы іх.
Брамнік з грукатам адчыніў перад возам браму. Усміхнуўся з разуменнем справы.
Воз знік. Ляснулі палавіны брамы.
— Бачыў? — з рогатам спытаў Кірык. — Вось табе і скубанулі.
— Вачам не веру, — палез у патыліцу дудар.
Сябры з рогатам рушылі вуліцай, стараючыся заняць як мага больш месца.
«Трэба будзе з кавалём пагаварыць», — падумаў Зянон.
Хлебнік ужо выйшаў з невялічкім хатульком. Гледзячы ў спіны сябрам, шапянуў:
— Ерэтыкі. Цяпер вядома, адкуль такія лісткі падмётныя, вабныя з'яўляюцца, ад якіх такіх братэрстваў.
Зянон убачыў клуначак.
— Ты што? Пабойся Бога, хлебнік.
— Уздаражэла збожжа, — пазяхнуў той. — Ну і… потым… табе ўсё адно праз тыдзень прыходзіць, то астачу, столькі ж, тады возьмеш. Каб не навальваўся адразу, каб далей хапіла. Я цябе шкадую.
— А збожжа тым часам яшчэ ўздаражае?
— Шкадуй пасля гэтага людзей, — сказаў рыбнік.
— Слухай, ты, — засіпеў хлебнік. — Мала ў мяне хлеба. Зусім амаль няма. І мог бы я табе і праз тыдзень нічога не даць, і ўвогуле не даць. Ціхон Вус твой сябар?
— Ну, мой.
— Не ведаеш закону? Між сяброў кругавая парука. Вус мне двойчы па столькі вінен.
|< Пред. 45 46 47 48 49 След. >|