Страница:
48 из 594
Ідзі… І калі хочаш, каб увесь горад цябе па языках трапаў, каб усе ў цябе пальцамі торкалі і казалі: «Вось, кіпаць*, мужык прагны, сябра, чулі, як шкадуе, як выручыць не згадзіўся?…», калі хочаш прытчай і наруганнем агульным быць — тады прыходзь праз тыдзень за другой паловай.
* Кіпаць — зняважлівае, даўнейшае прозвішча мужыкоў: кулак, скупая цёмная дзеравеншчына.
Зянон стаяў бледны. Ён ведаў: яго толькі што бессаромна падманулі. І што цяпер даваць дзецям? Але ён ведаў і тое, што ні праз тыдзень і ніколі не прыйдзе па астатняе збожжа. Звычай ёсць звычай. Ніхто не дапаможа, усе будуць паказваць пальцамі на чалавека, які не заплаціў доўг за бліжэйшага друга, не дапамог яму.
Акруціў, навалач-хлебнік.
Заграбаючы поршнямі пыл, Зянон рушыў ад крам. Што ж цяпер рабіць? Што будуць есці дзеці?
Рука ягоная трымала клунак, зусім не адчуваючы яго, нібы ватнымі пальцамі. Усё больш разгіналіся яны — ён не заўважаў, глядзеў невідушчымі вачыма перад сабой.
Хатулёк выслізнуў у пыл і, не завязаны, а проста сабраны, расхінуўся. Жыта пасыпалася ў пыл. Ён хацеў сагнуцца і падабраць хаця тое, што ляжала купкаю, але ў гэты момант са стрэх, з дахаў, са званіц касцёла бернардынцаў, адусюль, са свістам разразаючы паветра, падаючы проста грудзьмі, рынулі на яго соценныя чароды галубоў.
Ежы ім апошнія месяцы не хапала. Ашалелыя ад голаду, забыўшыся на ўсялякае самазахаванне, яны біліся перад Зянонам у пыле, дзяўблі зямлю і адзін аднаго, суцэльным комам варушыліся перад ім.
— Вестуны Божага міру, — разумеючы, што ўсё прапала, сказаў мужык.
|< Пред. 46 47 48 49 50 След. >|