Страница:
475 из 594
Яны нібы згаслі, але глядзелі мужна.
— Нашто дазволіў папам правіць старой радай і горадам?
— Яны прыйшлі з каралеўскім войскам, — цвёрда сказаў Юстын. — І рада здалася. Я не хацеў больш за ўсіх. Але я чалавек. Я слабы.
— Брэшаш, пёс, — сказаў Юрась. — Ты вось на гэтых зірні. Вось слабасць чалавечая. Выкінулі вас, як гной са стойла.
Суровы, нягледзячы на разбэшчанасць, пасечаны шнарамі і адзначаны ўсімі распустамі Юстынаў твар не ўсміхнуўся.
— Яны яшчэ прыйдуць. Хутка, — хутчэй з сумам, чым з пагрозай, сказаў ён.
— Я зачыніў усе брамы. Зныня зямля Гародні — зямля справядлівасці.
— Ці надоўга?… Але… мне шкада, што я не здолею паглядзець, як гэта будзе.
— Чаму?
— Таму што — а раптам чалавек не такая свіння, як я думаў.
— Добра, — пасля паўзы сказаў Хрыстос. — Развяжыце яго.
— Дарэмна ты гэта. Я б забіў. Таму што, калі яны вернуцца, я ж буду такі, як раней.
— Ну і шчасліва. І, потым, я не ты.
Бурмістр павесіў галаву.
— А гэтых — на шыбеніцы, — злосна сказаў Пятро.
Хрыстос глядзеў на людзей і з нейкай палёгкаю бачыў у іхніх вачах збянтэжанасць.
— Ну… гэта… чаго вы? — спытаў дурыла Піліп.
З маўчання пачалі вылузвацца асобныя гукі.
— Чорт яго…
— Не даводзілася.
— Ты сабаку паспрабуй павесь.
— Ды няхай бы, хто можа. Вось ты, Янук.
— Ідзі ты ведаеш куды… Вось-вось.
Братчык пакасіўся ўніз.
|< Пред. 473 474 475 476 477 След. >|