Страница:
476 из 594
Чорныя з сінявою вочы з пострахам глядзелі то на яго, то на шыбеніцы. Нехта захутаў Анею, разам з лахманамі манашага адзення, у сваю шырокую чугу.
Яна глядзела ўмольна, але Юрась чакаў.
— Разарваць іх! — крыкнуў нехта. — Бог ты мой, ды няўжо чалавека не знойдзецца?!
Але чалавека нешта не знаходзілася. Кожны, хто стаяў тут, сёння рызыкаваў сабою, біўся і забіваў, і, напэўна, забіў, калі ўжо стаяў тут жывы. Але звязаных вешаць не хацелася нікому. І Хрыстос усё з большай цеплынёю аглядаў гэтыя абліччы. Так, ён не памыліўся. На гэтых закураных, пасечаных, зморшчаных галечай тварах былі вочы. І ў гэтых вачах было столькі таго, што нагадвала вочы тых, з ягонага сну. Ён разглядаў гэтыя твары. На хвіліну яму здалося, што мільгануў між іх твар Басяцкага, але ён адразу ж зразумеў, што памыліўся: гэта проста размаўляў з дробным гандляром — мяркуючы па вопратцы — нейкі нямецкі госць.
— Дык унь жа кат! — раптам радасна загарлаў нехта. — Вось няхай ён!
Кат стаяў у сваёй клетцы і паступова зноў набіраўся пыхі:
— А чаго, я магу. Клетку толькі разбіце. Я чаму і кажу, што кату нельга ў клетцы.
— Можаш павесіць іх? — з абрыдлівасцю спытаў Братчык.
— Дык… Пане Божа. Служба ж такая. Фах.
Братчык бачыў, як дрыжэлі вейкі Анеі.
— Праца, зноў жа, — меланхалічна сказаў кат. — Таму што не можаць етага на нашай зямлі быці, каб не было ў ката шырокага кола знаёмстваў, і высокіх і нізкіх. І, зноў жа, не было такога ўладара, каб абышоўся без ката.
Хрыста перасмыкнула.
|< Пред. 474 475 476 477 478 След. >|