Страница:
50 из 594
Пад навесам, што апаясваў будыначак, стаялі загадзя зробленыя падмайстрамі балванкі, недаробленыя багі. І вялікія, і сярэднія, і зусім малыя. Над нізкімі дзвярыма — складзень з двума адкінутымі, як аканіцы, палавінамі (каб прыкрыць у дождж ці завіруху). У складні, на немалую спакусу ўсім — Маці Божая, як дзве кроплі вады падобная на славутую зеляніўшчыцу з Рыбнага рынку Фаўстыну, нават не каталічку. Фаўстына, склаўшы ручкі і схіліўшы ўсмешлівую, чарцячую галоўку, з цікаўнасцю, бы з яра на голых купальшчыкаў, глядзела на людзей.
— Кляонік, дружа! — гукнуў Марка.
Адчынілася слюдзяное акенца. Выглянула, як на майстра, то і зусім саплівая (год пад трыццаць), галава. Смяецца. А чаго не смяяцца, як дагэтуль халасты, як усе цябе любяць, нават прыгажуня непараўнальная, Фаўстына.
Кляонік, вітаючы, узняў руку з разцом. Валасы, як залацістая хмара. Цёмна-блакітныя вочы і велікаваты рот смяюцца. І Марка засмяяўся яму ў адказ. Сябры! Усмешкі аднолькавыя. Вельмі прыемныя, трохі лісіныя, але бяспечныя.
— Выходзь, Кляонік, справы.
— Чакай, вось толькі задніцу святой Інэсе дараблю, — сказаў разьбяр.
— Як задніцу? — спытаў Гіаў.
Замест адказу Кляонік паказаў у акно драўляную, у палову сажня, статуэтку жанчыны, якая ўкленчыла перад кімсьці. У жанчыны былі доўгія, да зямлі, валасы. Невядома, як гэта ўдалося разьбяру, але каштанавае дрэва гэтых валасоў было лёгкае нават на выгляд і, здавалася, празрыстае.
|< Пред. 48 49 50 51 52 След. >|