Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 487 из 594

Яны ўзялі сабе кінуты нейкім багатым уцекачом будынак, драўляны, белены знадворку і знутры, крытымоцным, навек, шчапяным дахам. Было ў ім нешта з дзесятак пакояў, і размясціліся ўсе раскошна.

Урэшце, Тумаш з Іудам рэдка калі і начавалі там, увесь час прападалі на мурах, у складах, на прыстані або на пляцы.

У гэты позні час усе дзесяць чалавек сядзелі ў пакоі з голымі сценамі. Шырокія лавы ля сцен, сталы, якія аж стагналі ад ежы, гарцаў з гарэлкай, бачонка з півам і цяжкіх гліняных куфляў.

Гарэла некалькі свечак. Вокны былі адчынены ў глухі цяністы сад, і адтуль павявала водарам лістоты, спелых антонаў і валовых мордачак, ваўчкамі і прахалоднай расою.

Размова, нягледзячы на вялікую колькасць выпітага, не клеілася.

— А я ўсё ж гляджу — паленым пахне, — баязліва сказаў Андрэй.

— Пабойваешся? — Піліп з неймавернай хуткасцю абгрызаў, абсмоктваў смажаную гусь, аж свіст стаяў.

— Эге ж. Нібыта падбіраецца нехта, ды як дасць-дасць.

— Гэта можна, — сказаў Ян Зеведзееў. — Лепей ад пана за нераты ў шыю атрымаць, чым дарэмна прапасці.

— А я ж жыў, — летуценна сказаў Мацей. — Грошы табе, жонка, ежа. Збан дурны, яшчэ некуды шчаміўся, дзіваў хацеў.

Навісла маўчанне.

— Уцячы? — спытаў Баўтрамей.

— Ну і дурань будзеш. Зноў дарогі, — сказаў Пятро. — Ведаю я іх. Ногі збітыя. У роце мох. Азадак павуціннем заткала. Трапілі як сучка ў кола — давайце бегчы.

Усе задумаліся. І раптам Пётр ускінуў галаву. Акрамя яго ніхто не пачуў, як адчыніліся дзверы.

|< Пред. 485 486 487 488 489 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]