Страница:
488 из 594
— Ты як тут?
Няўлоўная ўсмешка блукала на вуснах госця. Шэрыя, плоскія, трохі ў зелень, бы ў яшчаркі, вочы аглядалі апосталаў.
— Т-ты? — спытаў Іліяш. — Як прыйшоў?
— Спяць людзі, — сказаў пёс Божы. — Розныя людзі. У дамах, у садках. Варта ля брамы спіць. Мужыкі спяць у раднай зале, і зброя ля сценак стаіць. Вартавыя на мурах і вежах не спяць, ды мне гэта…
— Ты?…
— Ну я, — Басяцкі падышоў да стала, сеў, наліў сабе на донца піва, прагна выпіў. — Не чакалі?
— А як варту гукнем? — зарыпеў Баўтрамей.
— Не гукнеце. Тады заўтра не бізуны па вас гуляць будуць, а клешчы.
— Савул ты, — сказаў Якуб Алфееў.
— Ну-ну, вы разумныя людзі. — Езуіт памаўчаў. — Вось што, хлопцы. Мне шкада вас. Выдадзіце мяне — вас на дне марскім знойдуць. Думалі вы пра гэта?
— Н-ну, — падступныя Пятровы вочы бегалі.
— Дык вось, — жорстка сказаў іезуіт. — Кідайце яго. Заўтра ў горадзе горача будзе. Таму ідзіце ўначы. Зараз. Калі дарагая вам шкура.
— Не ўцямлю, чаго гэта ты нам?… — працягваў Пятро.
Мяккі, незвычайна багаты інтанацыямі голас нібы зачароўваў, нібы душу цягнуў з вачэй:
— Што вы? Нам важнейшую рыбу забарболіць трэба, а не вас, махляроў.
— Тады нашто? — спытаў Пятро.
— Праўду? Ну, добра. Я ведаю, і вас ужо даняла. І вы, як на старой сасновай шышцы, седзіцё. І самі б вы яго кінулі. Ды толькі маглі б спазніцца і трапілі б незнарок з ім. І павесілі б вас. А ўсе крычалі б аб вернасці, з якой не кінулі вы настаўніка. А трэба, каб ён, каб усе ведалі: в е р н ы х н я м а.
|< Пред. 486 487 488 489 490 След. >|