Страница:
489 из 594
Бо не павінен верыць ні сусед суседу, ані бацька сыну.
— Нашто гэта вам? — спытаў Іліяш.
— А без гэтага нічога ў нас не атрымаецца. Вучыць трэба… Нічога, маўляў, страшнага, калі сын жадае смерці бацькавай, поп — смерці біскупавай, таму што мы мацней хочам дабрабыту дзеля сябе, чым зла бліжняму. І таму дзеці павінны даносіць нават на сваіх бацькоў-ерэтыкоў, хаця і ведаюць, што ерась пацягне за сабою пакаранне смерцю… Таму што, калі дазволена мэта, то дазволены і сродкі*.
* Зноў промысел Божы, прадбачэнне і празрэнне. Бузембаўм, аўтар гэтага афарызма і «Трактата аб маралі» стварыў яго на сто год пазней. Нічога! Хай бы сабе і на дзвесце.
— Што ж мы, так проста і на дарогу? — падступна спытаў Баўтрамей.
— Я іх ад смерці, а яны яшчэ і — «грошы». Ну, добра ўжо, дзеля такой вялікай мэты дамо і грошай.
— Колькі? — спытаў Тадэй.
— Не пакрыўдзіцеся. На кожнага па трыццаць.
— Давай, — пасля паўзы сказаў Пятро.
Усе пільна, як сабака на стойцы, глядзелі, як вузкія пальцы езуіта выкладаюць на стол вялікія, з дзіцячую далоньку, срэбныя манеты, як ён лічыць іх, складае слупкамі і падсоўвае да кожнага. Святло ад свечак мігцела на ўсім гэтым, на прыадкрытых пашчах, на руках, на вачах.
Езуіт паказаў на профіль Жыкгімонта на срэбным кружку:
— Дзяржаўна-карысны ўчынак робіце. І вось бачыце, нібыта сам уладар наш кожнага з вас па трыццаць разоў за подзвіг ваш бласлаўляе. А цяпер — ідзіце.
Басяцкі ўстаў.
|< Пред. 487 488 489 490 491 След. >|