Страница:
490 из 594
— Дый вы спяшайцеся. — Ян глядзеў у акно. — Сам ідзе. У канцы завулка.
Мніх-каплан адчыніў дзверы. І раптам падаў свой насмешліва-абыякавы, здзеклівы голас Міхал Іліяш, ён жа Сымон-Кананіт:
— Басяцкі. А што будзе, калі мы грошай са стала не прыбяром? І той зразумее?
Дамініканец аглядаў яго. Пасля холадна паціснуў плячыма:
— Прэнг.
Дзверы зачыніліся за ім.
Усе як быццам чулі ўсё бліжэй і бліжэй крокі Хрыста, але, магчыма, гэта ўсяго толькі тахкалі іхнія сэрцы. Мацней і мацней. Мацней і мацней. Урэшце здрыганулася рука ў Баўтрамея. Ён не вытрымаў. Не думаючы пра тое, што будзе, калі астатнія не прыбяруць грошай, схапіў манеты, пачаў прагна рассоўваць іх па кішэнях. Працягнулася па грошы другая рука.
Рыпнула фортка. І тут дзевяць рук бліскавічна змялі срэбра са стала ў торабкі. Засталася адна грудка. Перад Іліяшам. Цыганаваты Сымон з трыумфам глядзеў вугальнымі вачыма на збялелыя твары хаўруснікаў. Абводзіў іх вачыма, нібы ацэньваў. Бачыў ва ўсіх вачах жах, сквапнасць, тупую прыціснутасць.
Адчыніліся дзверы. Хрыстос абцёр ногі аб жорны перад парогам і ступіў у пакой.
На стале былі пляшкі, бачонак, місы. Грошай на стале не было.
— Хадзіце гарэлкі дзербаніце, ці што, — сказаў Іліяш-Сымон.
Фама, Іуда і Хрыстос падселі да стала. Пачалі есці. Елі многа і ладна, але без сквапнасці. Вельмі згаладаліся за дзень беганіны.
— А гарэлачкі? — лісліва спытаў Пятро.
Нешта ў тоне ягонага голасу не спадабалася Хрысту.
|< Пред. 488 489 490 491 492 След. >|