Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 492 из 594



Братчык абводзіў позіркам твары. Людзі стараліся глядзець яму ў вочы, і кожны іншы, не такі прастадушны, заўважыў бы, што яны стараюцца. Але гэты не заўважыў, і, акрамя таго, яму хацелася верыць.

— Добра. Збірайцеся. Зараз жа рушыце цягаць камяні на забрала. А ты куды, Тумаш? Нацягаўся, здаецца?

— Я да брамы. Там і пасплю недзе, — і Фама выйшаў з хаты.

Апосталы пачалі збірацца. Толькі Іуда зняў поршні, адсунуў з краёчка стала місы, паклаў на яго сшытак са сваімі запісамі, скінуў плашч і зрабіў з яго на лаве падабенства падушкі. Пазяхнуў:

— А я тут лягу… Прабач… Я паспею…

— Вядома, — сказаў Хрыстос. — Дзве ж ночы не спаў. Прыдрамні. Разбуджу раніцаю.

Іуда, не раздзяваючыся, лёг на лаву. Ледзь толькі галава ягоная апусцілася на скрутак, ён заснуў. Нібы ў цёмны, глыбокі вір апусціўся. Нібы рынуў у бездань.

— Ну, дык хадзем, — сказаў Хрыстос. — Працаваць будзеце, як валы. Памятайце, далі слова.

— Вядома, — сказаў Пятро.

І зноў нешта няшчырае патрызнілася Хрысту ў ягоным голасе.

— Глядзіце толькі, каб мне не давялося сказаць: адзін з вас сёння н е здрадзіць мне.

Прарэзліва і свежа пачалі крычаць над сонным горадам першыя пеўні. Людзі выйшлі. Іуда спаў каменным сном. І тут зноў адчыніліся дзверы, і ў шчыліну асцярожна прасунулася гарбаносае, у сетцы буйных жорсткіх зморшчын, аблічча Мацея.

— Раввуні, — шэптам паклікаў ён. І пасля сказаў галасней: — Раввуні.

У пакоі чуваць было толькі соннае, роўнае дыханне.

|< Пред. 490 491 492 493 494 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]