Страница:
494 из 594
Што яны ведаюць, тыя смаркулі, аб нашых безданях? Ды яны і тысячнайдолі таго нават не зазналі, што мы ў княстве Беларуска-Літоўскім. Раз ужо я з'явіўся на зямлю — я стану тут. Біцца буду не на жыццё, а на смерць. Казаць буду пра тое, што ёсць Чалавек і якое месца яго на Зямлі і ў Сусвеце, дзе, пэўна, ёсць шчаслівейшыя. Пра Мужнасць, пра Здзек, пра Веды, пра Доблесць казаць буду, а не пра тое, што «Лаура ўпала ў Луару». Ах, жах які! Ах, слёзы! — Твар Хрыстоў зрабіўся злосны. — А святой службы яны не нюхалі? А вогнішчаў? А тысяч замучаных не бачылі? І таксама яшчэ лічаць, што цяжка жывуць. Ну, не. Гонар тут, цяжар тут, значыцца, і жыццё тут. Іншага народа дзеля мяне цяпер няма.
— Памрэш, — сказаў Іліяш.
— Там мог бы жыць, балбатаць тое-сёе. Тут — мабыць, памру. Але затое тут мая праўда: бойка з храмоўнікамі, сеча з самім Сатаной.
Іліяш зразумеў, што ўсё дарэмна. Трэба было даваць лататы. З гэтым кашы не зварыш. Бач, твар які.
— Нешта цяжка ў мяне на душы, — сказаў Юрась. — Душа смуткуе, тужыць смяротна. Пасядзіце тут, хлопцы, пачакайце мяне трохі. Я да Нёмана пайду, вырашыць мне нешта трэба, і сам не ведаю што… Толькі — нельга мне без гэтага.
— Чаго ж, пасядзім, — сказаў Пятро.
— Гэна… чаму не.
Яны селі на траву пад мур. Братчык адчыніў фортку і зайшоў у царкоўны сад.
— Вертаград маці царквы нашай, — сказаў Сымон. — Заблукаеш — крыўдуй на сябе.
Калі крокі заглухлі ў нетрах, ён ускочыў і махнуў рукой:
— А зараз — давай. Давай-давай. Каб аж пяткі ў азадак стукалі… Як калі б каня ўкралі.
|< Пред. 492 493 494 495 496 След. >|