Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 7 из 594



І ўставалі ў небе гарады так буйна, што жыхароў можна былопазнаць у твар, і адзін пазнаў у гэтым д'ябальскім горадзе сябра, а за гэта яго звалаклі ў гарадскую цямніцу. Таму што, калі ў цябе ўжо сябры ў такіх гарадах жывуць — ясна, што ты за птушка.

А то было яшчэ тады ў Мсціслаўлі. Выйшаў толькі дзень назад з горада шляхецкі полк на мяжу. І вось убачылі гэты полк жыхары. Ідзе па небе. А праз некалькі дзён выразалі і выбілі гэты полк да апошняга чалавека. Ішлі Маскву біць, а замест гэтага Масква іх пабіла. Ішлі па небе, куды праз некалькі дзён і адправіліся. Гэта, значыцца, Бог знак падаў.

А з Менска ў той самы час убачылі ў небе два легіёны, якія, схапіўшыся, біліся так, што ясна было: мала хто застанецца жывы. Можна было разгледзець дым, шаблі, коней, што гігаталі без гуку, і каноны*. О гора вялікае! О ярасць чалавечая!

* Гарматы.

А потым выявілася: бачылі сечу нашых з татарамі, тымі, якіх яшчэ князь Васіль Трэці на нас навёў. А біліся за Мазырам. А датуль ад Менска амаль сто шэсцьдзесят дзве менскіх вярсты*, як птушцы ляцець.

* Каля двухсот сямідзесяці кіламетраў.

І ад жаху, голаду, сечаў і знакаў нябесных зразумела было: наступаюць апошнія часіны, смерць лютая людству і выміранне. Тыя часіны, калі, можа, не толькі на развод людзей не застанецца, але і аднаго, каб плакаць над трупамі. Тыя, калі застаецца толькі і спадзявацца, што на вышэйшы розум.

Думаю — байкі гэта. Ніхто нічога не ведае. І не ён гэта, пэўна, прыходзіў.

|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]