Страница:
51 из 594
А паколькі жанчына трохі схілілася, прыціскаючы гэтыя хвалі да грудзей, валасы ўпалі наперад, прыагаліўшы частку спіны. Дзіўнай прыгажосці была гэтая спіна, схопленая мастаком ў лёгкім, амаль непрыкметным, але поўным грацыі выгіне.
І нічога тут не было кепскага, але разьбяр нібы саромеўся трохі і гаварыў грубавата.
— А так. Яна ж валасамі галізну прыкрыла ў паганскай турме. Дзіва здарылася.
— Дык, пэўна, і… спіну? — сказаў прыгаломшана Гіаў.
— А мне што? Усё адно яна ў нішы стаяць будзе. Хто заўважыць? А мне практыкавацца трэба. Усе святыя ў рызах, бы язык у звоне, а тут рэдкі выпадак.
Некалькімі амаль нябачнымі, пяшчотнымі рухамі ён падправіў статую, кінуў ёй на галаву фартух — прыкрыйся! — і выйшаў да гасцей, падпёршы трэсачкаю дзверы.
Вестуна, Дудара і Зянонавага сябра Ціхона Вуса знайшлі ля Ціхонавай майстэрні ў залатым радзе.
Ціхон, і сапраўды такі вусаты, што каштанавыя хвалі вусоў віселі да сярэдзіны грудзей, выслухаўшы, скрывіўся.
— Дурань ты, дружа, — сказаў ён Зянону. — Я за той хлеб яму адрабіў. Пярсцёнак залаты з хрызапразам зрабіў ягонай… гм… яшчэ ў мінулым лістападзе. Яна ў лістападзе нарадзілася, то хрызапраз ёй — шчаслівы камень. Няўжо такая праца паловы бязмена збожжа не вартая? Я думаў — мы разлічыліся. І потым, калі галубы вінаватыя — ён павінен табе аддаць. Пляц, на якім ягоная крама стаіць, належыць Цыкмуну Жабе. І ён за яго ані шэлега Жабе не плоціць, а за гэта абавязаны галубоў з Бернардынскай і Янавай галубятняў гадаваць. То ён, відаць, ад нясытасці не гадуе.
|< Пред. 49 50 51 52 53 След. >|