Страница:
524 из 594
Полымя свяцільнікаў… Рабскі твар бацькі, калі ён аднойчы гаварыў з гетманам Агінскім.
Іуда закалаціўся ад прыніжанасці і ганебнага бяссілля.
Што ён мог? Хто вучыў яго бараніць жыццё, калі настаўнікі самі не ўмелі рабіць гэтага? Адхвасталі толькі розгамі. І неаднойчы. Але чамусьці помніцца толькі той выпадак. За што яны тады яго?…
— Раввуні! — даляцеў з далечы голас.
І тут ён успомніў, за што яго лупцавалі ў той раз. Пагоня была ўжо зусім блізка. І тады Іуда ўстаў.
Павольна зняў з сябе шырокі скураны пояс, абматаў ягоны канец вакол запясця, другі сціснуў у далоні. Узяў каменнае грузіла. І выпрастаўся, круцячы самаробную прашчу.
Камень зафырчэў, вырваўся, трапіў у лоб стырнавому першага чоўна. Модлы падвялі. Забытае, здавалася, мастацтва — не падвяло. Стырнавы выпусціў стырно, юкнуў галавою ў ваду. Ладдзя закруцілася на месцы.
Раввуні зарагатаў. У праследавацеляў была толькі халодная зброя, у іх не было нават лукаў.
Яшчэ ўдар. Яшчэ. Яшчэ.
Ён кідаў і кідаў камяні. І з кожным ударам выпростваўся і выпростваўся. Упершыню ў жыцці крычаў нешта ў шалёным захапленні:
— Я не пэцкаў рук… Я не забіваў!… На табе, халера! На! На!
Адзін з камянёў зламаў вясло на першым чаўне. Камяні ляцелі градам, білі, валілі. Стаяў на карме чалавек, які выпрастаўся. Круціў прашчу.
…Чаўны закруціліся, пасля запаволілі бег, пад градам камянёў паварацілі да берага.
Чалавечак на карме ўсё яшчэ круціў прашчу. Пасля закінуў яе за плячо. Амаль велічны. Амаль як Давід.
|< Пред. 522 523 524 525 526 След. >|