Страница:
555 из 594
Ён жыва ўявіў, як пад'язджае пад дзверы карчмы «кошык для спаржы» і як яго валакуць туды, узяўшы пад белыя рукі, два здаравені ў аднолькавых плашчах.
— Г-гэта чаму?
— А ты мне наліць забыўся. Г-гы! Што, добра я пажартаваў?
— Тфу! Каб з табою павек так жартавалі… Ну, дык за тое, што папа ўсё можа. — Лёгкі туманец хмелю ад гэтага жарту выветрыўся з Фамовай галавы.
— А і папа не ўсё можа, — занатурыўся манах.
— Як гэта не ўсё?
— А так. Папа, як і царква, літасцівы павінен быць. Асудзіць ён можа. А выканаць прысуд — дудкі. І кардынал так. Для выканання прысуду міранам справу перадаюць.
— Брэшаш!
— Я табе брахну. Вось тут, — манах паляпаў па пенале, — справа антыхрыста. Нясу, каб войт подпіс паставіў. Вогнішча. «Без праліцця».
— А як не паставіць?
— Чаго ж гэта ён не паставіць? Памрэ хіба або з'едзе.
— Г-га. Растлумачыў ты мне. Добра. Дык давай за літасць папы, за тое, што і ён не можа.
Выпілі. Падкусілі падсоленымі ядрамі арэхаў. Манах пачаў нешта расказваць. Гэта было цікавае, змястоўнае, доўгае апавяданне. Шкада толькі, што Фама амаль нічога ў ім не зразумеў.
— Ідувойта справе… Колькожна сядзець?… Важліправа… Справеры… Антыхрыста — судзіць!… Безпралікрві… Пекла… Галакрык! Д'ячэрці! Чэр'явалы!… Сядзець — ані, спяшаюся. Павінныць паслухаднымі, вось, бо мы манахі. М-мы, братка!… Дзяцалую. Пайду.
Ён устаў і, хістаючыся, пайшоў да дзвярэй.
|< Пред. 553 554 555 556 557 След. >|