Страница:
572 из 594
— Табе такога за ўсё жыццё не заслужыць, як ні пніся. Манахі… У саванах… Кожны, як Лазар, калі ён, тры дні ў магіле пралежаўшы, прагуляцца выйшаў. І смярдзіць, як той Лазар. Мёртвыя. А можа, таму, што ўсё жыццё не мыюцца.
Пайшоў далей. Твар ягоны быў амаль ля зямлі, і кроў з рассечанай галавы падала ў пыл.
Перад самым крутым пад'ёмам ён зноў спыніўся. Яму прыйшло ў галаву, што будзе і непрыгожа і ганебна, калі ён вось так, ніца схілены, амаль паўзучы, будзе ісці праз гэты разубраны, нахабна-сыты, варожы натоўп.
Хрыстос умацаваў ногі, напружыўся і ўскінуў крыж сабе на карак. Прытрымаў яго раскінутымі рукамі. Так насілі гакаўніцы разбойнікі і пастухі.
Выпрастаўся.
Пайшоў, вязнучы ў пяску.
Фама і Вус з жахам і шкадобай глядзелі на гэта. Пасля не стала сілы глядзець. Яны спусціліся з вежы і пачалі штурхацца праз натоўп.
— Бачыш, што ў мяне? — Фама паказаў Вусу схаваны пад плашчом лук.
— Эх, браце, нічога ты ім не зробіш, — уздыхнуў Ціхон. — Два нас. Толькі два.
Каб яны ведалі, колькі ў натоўпе замаскіраваных сяброў, іхні адчай саступіў бы месца цвёрдасці. Але яны да самага канца так і не даведаліся пра гэта.
Ішоў праз натоўп чалавек, на якім манашы плашч падазрона тапырыўся. І ў спіну гэтаму чалавеку буркнуў нейкі рамеснік:
— Манахаў яшчэ нанесла. Навалач. Навухаданосары.
І тады манах вярнуўся, узяў чалавека за руку і прыўзняў капюшон.
— Кірык! — ціха ахнуў рамеснік.
|< Пред. 570 571 572 573 574 След. >|