Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 61 из 594

Сябры абаранілі яго, і горш за ўсё было тое, што яны могуць палічыць яго баязліўцам. І таму, хаця меха, на якім ён сядзеў, магло хапіць надоўга, няхай сабе і на зацірку, Зянон крэкнуў:

— Чаму ж, без яго дык без яго.

Вястун са здзіўленнем глядзеў у шэрыя, глыбока пасаджаныя Зянонавы вочы. Не чакаў ён ад яго гэтага спрыту. Бач ты, раніцай за сябе заступіцца не мог, а тут… Ну, не трэба ж і яму, Кірыку, быць горшым за такога ціхоню.

Ён устаў і, крутануўшы, кінуў свой молат угору па схіле. Молат апісаў вялізную дугу і ўпаў у траву і нізкі цярноўнік. І раптам адтуль са звонам падскочыла ў паветра і рассыпалася на пырскі шкляная суляя. А за ёю, успуджаныя, ускінуліся манах і жанчына.

Кінуліся ўцякаць.

Некаторы час сябры ашаломлена маўчалі. Потым пакаціўся рогат.

— Бач, як іх, — сказаў Вястун. — Ану, хадзем. Ты, Турай, з сынам, на Рыбны рынак, а я з Зянонам на Стары. Ціхон — на левы бераг. А ты, Кляонік, гані на слобады… Паспрабуем, ліха на яго, узняць канцы ды трахнуць гэтых, што дужа хлебныя, ды заадно і замкавыя склады.

Яны развіталіся ля моста. Кірык і Зянон рушылі ўгору, зноў на рынак, але прыйшлі туды ў неспакойны час. Варта якраз заспела абаіх прарокаў за недазволенымі казанямі.

І вось юрод кідаў у воінаў прыгаршчамі каровінага гною, а зверападобны Іллюк біў па руках, што адусюль цягнуліся да яго, і зверагласна крычаў:

— Не чапай! Я Ілія! Не чапай, кажу! З мяне ўжо галавы не здымуць! За мной Хрыстос ідзе!

Расстрыга страшна круціў вачыма.

|< Пред. 59 60 61 62 63 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]