Страница:
63 из 594
Сярэдневяковы загад аб ліцадзеях
Днём напярэдадні ў мястэчку Свіслач адбылася сумная і журботная гісторыя: жыхары ўпершыню пазнаёміліся з ліцадзеямі, а тыя — з гасціннасцю мясцовых жыхароў.
Яшчэ і дагэтуль існуюць нетэатральныя гарады, — што ўжо казаць пра тыя часы?! Але нават тады, калі толькі батлейка ды вандроўныя жанглёры неслі ў масы святло мастацтва, гэта мястэчка было самае нетэатральнае з усіх нетэатральных мястэчак.
Рэдка-рэдка бараздзілі тады Белую Русь самотныя ліцадзейскія фургоны. Рэдка-рэдка вырастала з іхніх барознаў што-небудзь вартае. Хадзілі часам з містэрыямі бурсакі-шкаляры, спевакі, цыркачы. Часам трапляліся вечна галодныя акторы-прафесіяналы. На ўсіх іх, акрамя батлейшчыкаў, глядзелі з недаверам. Фокусы іхнія нагадвалі чарадзейства і не былі святой справай накшталт лерных спеваў. Ды, потым, занадта часта пасля іхняга адыходу знікалі з падстрэшша сыры і каўбасы, а з платоў — кашулі і іншае.
Таму, калі ў той дзень прыцягнуўся ў Свіслач прадзёрты палатняны фургон, запрэжаны парай кляч, жыхары не чакалі ад яго нічога добрага. Не чакалі, але глядзець прыйшлі, бо палічылі фургон за нечувана вялікую батлейку.
Містэрыя пачалася бліжэй да вечара, пад вялізным абшчынным дубам. Дзве дошкі, пакладзеныя на задок фургона, вялі з яго на памост, з якога, бывала, чытаў казані вандроўны прапаведнік ці агалашаў аб'явы панскі паюк.
Сядзеў на гэтым памосце і копны суд, калі прыязджаў у мястэчка.
А цяпер гэта была сцэна, і кулісамі ў яе былі з аднаго боку фургон, з другога — ствол старадаўняга дрэва.
|< Пред. 61 62 63 64 65 След. >|