Страница:
64 из 594
Мужыкі сядзелі на траве і вылуплівалі вочы на дзіўнае відовішча. Лялькі — гэта нястрашна, а тут жывыя людзі рабілі такое, ад чаго ратуй нас, Пане Божа.
Людзей тых было трынаццаць. Відаць па ўсім — нездарма. І рабілі яны, на думку мужыкоў і мяшчан, справу няправедную: рыхтаваліся распінаць Хрыста. Ніхто не бачыў, што праца гэтая людзям нязвыклая, што яны пакутліва стараюцца і што з гэтага нічога не выходзіць.
Пілат у хламідзе з паперы стаяў слупам пасярэдзіне памоста і круціў вачыма так, што бабы абміралі ад жаху. На галіне дуба стаяў чалавек у вопратцы анёла, якому, па ўсім відаць, трэба было неўзабаве спусціцца на памост па душу распятага. Вельмі высокі і моцны, шыракаплечы, са смешным абліччам і густымі бровамі, ён трымаў на грудзях канцы блакітных крылаў, каб не зачапіліся, і шаптаў нешта чалавеку, які стаяў пад ім, у ценю:
— Ну, які з Багдана Пілат, Іосія? Няварты Пілат.
— Пхе, — сказаў голас з цемры. — Пілат няварты быць не можа. Не прывязвайся да яго, Юрась. Ведай свае крылы і стой сабе. Глядзі сабе, як Шалфейчык добранька вісіць.
Адзін з распятых ужо разбойнікаў — па тыпу расстрыга, па носу запівоха — пакасіўся на іх і застагнаў, закаціўшы вочы.
Пілат паказаў рукою на крыж і, выгнуўшы даволі значнае пуза, агаласіў:
— А вось уліце яму воцату ў рот, каб не думаў пакутваць за чалавечы род. Прынясіце цвікі з асіны для сабачага сына.
— Для чалавечага сына, — падказаў распяты Шалфейчык.
— Сам ведаю, — голасна сказаў Багдан-Пілат. — Хам ты.
|< Пред. 62 63 64 65 66 След. >|