Зимовыя сны (на белорусском языке)   ::   Мудров Винцесь

Страница: 13 из 41

Дзесьцi ўдалечынi гучалi людзкiя галасы, штосьцi грымела i бухала, гуло i стагнала, ён наструнiў слых i пачуў, як аднекуль - цi то з бочкi, цi то з таго сьвету прасьцюжана гракнуў старшына Хамук:

- Ты шчо там... вмэр? Выгружай фураж!

Душа вярталася ў цела зь неахвотаю. Яўхiм ачуўся, паспрабаваў падняцца, але ня здолеў нават паварушыць спруцянелымi пальцамi. Нейкая магутная сiла страсянула яго, паставiла на ногi, i яшчэ праз iмгненьне ён выляцеў з пульману, балюча стукнуўшыся лобам аб край дзьвярнога вушака.

У заiнелай галаве гуло i шумела. Усе навакольныя зыкi - конскае ржаньне, надрыўныя паравозныя гудкi, мацюгi старшыны Хамука зьлiлiся ў адзiн працяглы гул, i Яўхiм, ужо ўзвалiўшы на карак мех з аўсом, анiяк ня мог уцямiць - дзе ён, што зь iм i якая гэта халера ўсьпёрлася яму на сьпiну.

Потым ён, аглухлы й невiдушчы, цягаў мяхi з вагона, старшына Хамук бiў яго нагой пад зад - каб хутчэй варушыўся, - пасьля шостага цi сёмага высьпятку Яўхiм упаў у сьнег, i ў гэты момант слых i зрок дарэшты праясьнелi. Ён пачуў, як недзе непадалёку ўдарылi капыты па сходнях, як ля вуха чхнуў старшына Хамук i як на другiм баку эшалёну хтосьцi па-хахляцку закрычаў:

- Хлопцi, шчо за станцiя?

- Белавостраў... Белавостраў... - шматкроць паўтарылi навокал, i Яўхiм пачуў воклiч, якi прымусiў яго схамянуцца i ўстаць на ногi.

- Эй, Хамук, давай сюды трох чалавек, - крыкнуў ад суседняй цяплушкi палкоўнiк Хамiцкi.

Палкоўнiк стаяў на пагорку - вiдаць, гэта быў чыгуначны тупiк, а побач зь iм завiхаўся, махаючы рукамi, дзядок у белым халаце.

- Раненых трэба вынесьцi... - пасьпеў крыкнуць кампалка, перш чым голас ягоны пакрыў сiпучы паравозны гудок.

|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]