Зимовыя сны (на белорусском языке) :: Мудров Винцесь
Страница:
14 из 41
Палкоўнiк крычаў яшчэ нешта - вялiкая радзiмка дрогалася на няголеным твары, - але паравоз гудзеў як ашалелы i ад таго гуду скаланалася зямля пад нагамi.
... Яны беглi ўздоўж доўгага шыхта вагонаў, сьледам трухаў сiвы дзядок, i ў сьпiну iм ляцеў ваяўнiчы палкоўнiцкi лямант:
- Даю трыццаць хвiлiн! Праз паўгадзiны дарога мусiбыць вольнай!
Будынак станцыi быў запоўнены раненымi: яны ляжалi на насiлках, цi то проста на падлозе, гучна стагналi, скрыгаталi зубамi; у паветры вiсеў пах крывi i карболкi, i ў Яўхiма ад усяго гэтага закружылася галава й халодны камяк падкацiў пад горла. Ванiтаваць, на шчасьце, не было чым i не было калi. Ён змучана вякнуў, праглынуў агiдны камяк i, ухапiўшыся за ручкi насiлак, патупаў да выхаду, утаропiўшыся на сьпiну напарнiка - нiзенькага каржакаватага санiтара.
Праз гадзiну, страшэнна стамлёны, ён праводзiў вачыма санiтарны цягнiк, у якi заносiлi раненых, сьледам за iм мiма праплылi пляцформы са спавiтымi ў брызэнт гарматамi, потым вагоны з конскiмi пысамi ў проймах разнасьцежаных дзьвярэй i, нарэшце, з жахам убачыў свой пульман, якi шарым прывiдам праплыў у вечаровым паўзмроку.
- Што стаiш? Раненых прывезьлi! - крыкнулi за сьпiнаю, потым ляпнулi мiж лапатак, нарэшце далi па карку, а ён усё стаяў, атарапелы, неадрыўна пазiраючы ў той бок, дзе асядаў паравозны дым, дзе тырчэў сэмафор i дзе ляжалi, зваленыя ў кучу, мяхi з фуражом.
Адстаць-адбiцца ад сваiх - справа не жартоўная. Гэта ўсё адно што дэзэртыраваць.
|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|