Зимовыя сны (на белорусском языке) :: Мудров Винцесь
Страница:
17 из 41
Раздражнялi, зрэшты, ня толькi блiскi, але i тупы боль у сэрцы, трэск асiнавых дроў, ды шапатлiвыя жаночыя галасы на кухнi: апошнiм часам суседка Андросiха займела звычку завiтваць у хату з цёмнага ранку.
Ён ужо зьбiраўся быў рыпнуць ложкам, даючы зразумець, што прачнуўся, але нечакана перадумаў i, паклаўшы далонь на тое мейсца, дзе бiлася сэрца, наструнiў слых.
- ...У талерку дзьве сталовых лыжкi. Але толькi ў суп. У кашу нельга. Другую лыжку будзе ўлiваць - хай перахрысьцiцца i скажа: - Спрахнi, зельле! Адчапiся, гарэлка праклятая!
- Цi дапаможа? - азвалася на андросiшыны словы Агата.
- Дапаможа. Хай толькi кожны дзень дае... У Халiмонiхi сын быў зусiм сьпiўся. Ужо й на людзей кiдаўся. Дык казала: дала два разы, цяпер нават на Новы год нi кроплi ня выпiў.
Хвiлiну на кухнi было цiха, аж неўзабаве ў печы засiпелi мокрыя дровы й Агата, яшчэ раз уздыхнуўшы, прамовiла:
- Баюся i выпраўляць... Мiнулы раз паехаў, дык сэрца схапiла. I цяпер во на сэрца жалiцца... Кульнецца дзе-небудзь... Сёньня й сон дрэнны сьнiла. А як пайшла вочы прамываць, дык... цi паверыш... вунь той... лысы з газэцiны... нiбыта жывы паглядзеў. У мяне нават усё абарвалася.
Слухаць далей гэтую лухту не было як, таму Яўхiм кашлянуў у жменю й рашуча кульнуўся на левы бок. Старыя спружыны жаласьлiва застагналi, Агата, у сваю чаргу, бразнула засланкаю, а суседка падхапiлася на ногi i голасна, каб было чутна яму, Яўхiму, галёкнула:
- Ну дык зьбiрайцеся. Васька ўжо запраўляцца паехаў.
Праз пару хвiлiн, калi жанкi падалiся на падворак, Яўхiм падняўся з ложка, няроўнай хадой пайшоў да рукамыйнiка.
|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|